У першым туры аршанцам супрацьстаяла "Ліда". Матчы з гэтым супернікам нярэдка сканчваюцца для аршанцаў няўдала. За ўсю гісторыю паядынкаў, якая пачалася ў далёкім 1966-м, "Орша" перамагла лідзянаў толькі 8 разоў, а 19 разоў цярпела паразу. Усё выглядала на тое, што і цяпер "Ліда" звязе тры пункты з Оршы. Сёлета каманды распачалі сезон, а летась яны яго завяршалі, і тады "чырвона-белыя" разграмілі "сіня-белых" 8:1. На 26-й хвіліне справаздачнага матчу Ян Сянкевіч скарыстаўся няўзгодненымі дзеяннямі абаронцаў і брамніка — 0:1. "Ліда" лепей камбінавала і стварыла яшчэ некалькі момантаў, якія маглі б прэтэндаваць на званне вострых.
У "Оршы" гульня пайшла толькі ў другім тайме. Дзеянні нашай каманды выявілі неблагую фізічную падрыхтоўку на старт чэмпіянату. Урэшце, гэта і стала адным з фактараў перамогі, паколькі нельга сказаць, што аршанцы стварылі процьму момантаў. Практычна ўсе 100% галявыя эпізоды ўдалося пераўтварыць у забітыя мячы. На 51-й хвіліне Глеб Жалезнікаў зраўнівае лік. Сянкевіч праз дзесяць хвілін зноў скарыстаўся кепскай гульнёй аршанскай абароны і вывеў сваю каманду наперад. Але літаральна ў наступнай атацы "Орша" зарабіла пенальці, які рэалізаваў Яўген Калінін. На 73-й хвіліне дэбютант аршанцаў Сцяпан Макараў прынёс перамогу "Оршы". Спроба націску з боку "Ліды" ў канцы сустрэчы не прынесла плёну. Перамога "Оршы" 3:2. Цяпер каманда выйшла з "мінусу".