Ці часта мы задумваемся, што будзе, калі ўсе з'едуць на заробкі за мяжу? Ці застануцца ў Беларусі людзі, вартыя называцца чалавекам. І ўсё ж прыходзім да высновы, што застануцца. Дзякуючы настаўнікам, якія нягледзячы на невысокія заробкі аддаюцца свайму пакліканню і не толькі механічна перадаюць параграфы падручнікаў дзецям, але сапраўды выхоўваюць іх, навучаюць новаму. Васіль Гембіцкі мае 25 гадоў і працуе настаўнікам фізкультуры ў вёсцы Ляды Дубровенскага раёна. Ён распавёў праекту 34mag, ці лёгка працаваць настаўнікам і наогул жыць у вёсцы. Таксама настаўнік Васіль распавёў, што перадае сваім вучням.
Ты не можаш навучыць дзяцей таму, што цікава толькі табе. Цябе не прымуць. І ўсе намаганні будуць марныя. Трэба пачынаць камунікацыю з дзецьмі з тых момантаў, якія цікавыя ім самім. Я стараюся праводзіць з дзецьмі больш часу па-за ўрокамі. З пачатку года, напэўна, не было яшчэ ні адной перамены, каб да мяне не забягалі рабяты. Мы рабілі з імі дэталі для самалёта, выразалі бумерангі, пракладалі правады для радыё, якое запусцілі ў нашай школе. Усім цікава. Я разумею, што магу навучыць іх не толькі фізкультуры.
Некаторыя хлопцы з нашай вёскі растуць без бацькоў. Ёсць хлопцы з неспрыяльных сем'яў. Таму я стараюся аказваць на іх мужчынскі ўплыў, неяк дапамагаць. Што мяне вельмі радуе, дык гэта стаўленне людзей адно да аднаго ў нашай вёсцы – яно вельмі класнае. Школа невялікая, і дзеці сябруюць, нягледзячы на ўзрост. Яны дапамагаюць «сваім» і з мерапрыемствамі, і з вучобай, і з дамашняй работай.
Калі я пачаў рабіць рамонт у доме, які для мяне знялі арганізатары праграмы, рабяты са школы прыйшлі да мяне, каб разам паклеіць шпалеры. І пры любой магчымасці забягаюць па вечарах пагуляць у настольныя гульні і проста пагутарыць. Калегі таксама цёпла мяне прынялі і дапамагаюць з працай па хаце. Пакуль я быў у камандзіроўцы, нават накалолі мне дроў. Мне не складана жыць тут – я сам з вёскі, але гэта вельмі крута. Ты не адчуваеш сябе адзінокім і выкінутым за борт, а ведаеш, што ёсць людзі, якія могуць табе дапамагчы. Я адчуваў гэта на летнім інтэнсіве праграмы «Настаўнік для Беларусі» і адчуваю цяпер.
Пра праграму я даведаўся выпадкова: гартаў стужку інстаграма і наткнуўся на публікацыю – новы праект для настаўнікаў. Убачыў, што толькі дванаццаць чалавек змогуць патрапіць туды, і падумаў, што ў мяне няма шанцаў. Але праз дзень вырашыў: «Лепей паспрабую і ў мяне не атрымаецца, чым не зраблю гэтага – і буду потым шкадаваць». Запоўніў заяўку. Следам быў вочны тур, тыдзень чакання. І мяне ўзялі! Далей – інтэнсіў. Новыя людзі, новыя фарматы навучання, новыя (і незразумелыя) словы і прыёмы. Але ўсё аказалася проста, таму што я пазнаёміўся з класнымі людзьмі, якія заўсёды гатовыя дапамагчы.
Вясковым школам не хапае таленавітых маладых кадраў, якія цікавяцца дзецьмі, а не падтрыманнем сістэмы. Тыя, хто ствараюць правілы і ўмовы, не ўлічваюць кантэкст. А ў нашай працы хапае нюансаў. Мы адказваем за дзяцей 24/7, нават калі яны знаходзяцца па-за сценамі школы. Мы павінны сачыць за наяўнасцю адзення, абутку і ўсяго неабходнага для нармальнай вучобы; правяраць эсэнэсаўскія [у сацыяльна небяспечным стане. – 34] сем'і, дзе бацькі не заўсёды рады візітам са школы; сачыць, каб апошнія не сыходзілі ў запоі. Мы павінны вучыць і выхоўваць.