Родзічам Аляксандра Андрэева і Іллі Ціханава, якіх затрымалі яшчэ ў пятніцу, да панядзелка не казалі ў колькі адбудзецца суд. З-за гэтага родзічы і сябры прыйшлі да будынка суда а 9 гадзіне раніцы. Звычайна каля 10-ай гадзіны ў судзе вывешвалі спісы тых каго сёння будуць судзіць, але ў сувязі з пандэміяй абстаноўка ў будынку суда змянілася - на ўваходзе з'явілася маштабная перагародка, якая аддзяліла рабочую частку суда ад маленькай "гасцявой". Спісы судовых справаў на дзень фармальна вывесілі, але затрыманых Ціханава і Андрэева у іх не было. На большасць пытанняў дзяжурны міліцыянт адказваў, што нічога не ведае і, магчыма, судзіць іх будуць праз скайп не выводзячы з РАУС. Але ўсё было ня пэўна і не дакладна.
На вуліцы тым часам збіралася ўсё больш людзей, якія прыйшлі падтрымаць затрыманых. Каля 11 гадзін раніцы ў будынку суда і каля яго сабралося ўжо пад 30 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць затрыманых. Работнікі суда і міліцыянты працягвалі сцвярджаць, што не ведаюць дзе і як будуць адбывацца суды. Але ў пэўны час да прысутных выйшла вядучы спецыяліст суда і абвесціла, што суд распачаўся, але нікога не могуць пусціць, бо працэс ужо ідзе і трэба чакаць перапынку. Людзі палічылі сябе падманутымі, бо не змаглі патрапіць на сам працэс, такога шуму, крыкаў і, нават, слёз адначасова ў аршанскім судзе не было даўно. Вядучая спецыялістка і дзяжурны міліцыянт адказаць на абгрунтаваныя абвінавачанні прысутных не маглі адказаць нічога. А колькасць абвінавачанняў павялічылася. Дайшло да таго, што адна з прысутных спытала с сарказмам у вядучага спецыяліста чаму яна ў масцы калі ў краіне няма віруса, а толькі ёсць паніка. На гэта службовая асоба ці то на поўным сур'ёзе, ці то "на эмоцыях", ці, можа, таксама з сарказмам адказала, што ў яе каранавірус.
Канешне, у судзе аніякіх перапынкаў не было і нікога на паседжанне не дапусцілі. З-за гэтага ў кнізе скаргаў суда было пакінута ажно 9 скаргаў. Ілля і Аляксандар па рашэннях суда атрымалі па 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Выйдуць на волю яны ў панядзелак 18 траўня з 14 да 15 гадзін.