Упершыню жыхар Оршы падаў дакуманты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, але цуда не адбылося ні ў Оршы, ні ў Дуброўна — хаця тут таксама мог быць свой кандыдат. Нагадаем, што з нашага рэгіёну сваё жаданне зарэгістравацца кандыдатам на выбары выказалі аршанец Аляксандар Школьнікаў і жыхарка Дуброўна Наталля Стрэльчанка. Абодва гэтыя чалавекі ішлі ў спісе так званых «Кандыдатаў пратэсту» — ідэя Мікалая Статкевіча паводле якой каля 30 кандыдатаў па ўсёй краіне павінны былі зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы і актыўна праводзіць пікеты. Але тое, што Цэнтральная выбарчая камісія не надта хоча рэгістраваць «кандыдатаў пратэсту» стала зразумела ў першыя ж дні падачы дакумантаў. Упершыню ЦВК пачала абзвоньваць людзей, якія запісаліся ў ініцыятыўныя групы, каб удакладніць ці давалі яны сваю згоду. Пры гэтым, вынікам такой праверкі можна верыць выключна са словаў сябраў той самай камісіі: пісьмовых адмоваў не збіралася, размовы не запісваліся, пратакол праверак не складаўся.
У выніку амаль усе «кандыдаты пратэсту» не зарэгістраваныя. Тым жа спісам адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў і аршанскім кандыдатам: Аляксандру Школьнікаву і Наталлі Стрэльчанка.