Блогер Зміцер Казлоў, таксама вядомы як Шэры Кот, які вядзе Ютуб-канал з 17,5 тысячамі падпісантаў, зноў трапіў пад суд. За ўдзел 6 траўня ў акцыі салідарнасьці з калегам-блогерам Сяргеем Ціханоўскім Казлоў аштрафаваны на 1350 рублёў. На той момант Ціханоўскі быў затрыманы ў Магілёве і адбываў адміністрацыйны арышт у Гомелі. Справу Шэрага Ката ў судзе Цэнтральнага раёна Менска разглядаў суддзя Іван Касцян, сумна вядомы дзясяткамі палітычных прысудаў супраць праціўнікаў Лукашэнкі. Сам блогер на суд у Менск не прыехаў, але яго няяўку прызналі няўважлівай і распачалі суд у адсутнасць Змітра.
Сведкам у адміністрацыйнай справе па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) выступіў намеснік начальнік ГУУС Павел Кунчык. Ён пацвердзіў, што бачыў, як тыя, хто сабраўся на акцыю, выказвалі незадаволенасць арыштам Сяргея Ціханоўскага. Зміцер Казлоў на той акцыі нібыта крычаў лозунг "Свабоду Сяргею Ціханоўскаму!".