Прыхільнікі Лукашэнкі на гэтых выбарах казалі, што поспех Ціханоўскай у тым, што людзі ідуць на яе мітынгі паслухаць музыку, а не падтрымаць яе. Напэўна яны сапраўды так думалі, калі на 8 жніўня — за дзень да выбараў — вырашылі правесці ва ўсіх рэгіёнах канцэрты. Іхныя канцэрты павінны былі таксама сабраць шмат людзей і, як бы, паказаць падтрымку ўлады. Але нешта пайшло не так.
Спачатку знакамітыя музыкі, якія мусілі выступаць у абласных гарадах проста адмовіліся ад выступаў, бо ім патлумачылі, што іх уцягваюць у падтрымку Лукашэнкі. А потым пачалі адмяняць канцэрты і ў меньшых гарадах дзе павінны былі выступіць «артысты беларускай эстрады». Так, аршанскія ўлады канцэрт адмянілі літаральна за дзень да самога мерапрыемства — 7 жніўня. А ў зусім маленькія гарады куды ўвогуле ніхто з запрошаных артыстаў ехаць не збіраўся адмяніць канцэрты цэнтралізавана, напэўна, забыліся. Або палічылі, што хаця б, у зусім маленькіх гарадах людзі яшчэ хочуць выйсці падтрымаць дзеючую ўладу.
Мы маем відэа з двух такіх канцэртаў: у Дуброўна і Шклове. Уражанне такое, што лепш бы яны і не праводзіліся. На відэа з Дуброўна бачная пустая сцэна з уключанымі калонкамі, двое міліцыянтаў, двое маленькіх дзяўчынак, дзве ідучыя міма жанчыны і цалкам пустая плошча. Відэа знятае вечарам 8 жніўня. Другое відэа са Шклова дзе на сцэне выступаюць вядучыя ды спявае нейкі мужчына, а каля сцэны слухае яго... адзін мужчына. Астатнія шклаўчане праходзяць міма.