З верасня ў Оршы акцыі пратэсту паступова зніклі. Пасля выхаду амаль 5.000 чалавек 16 жніўня, колькасць удзельнікаў акцыяў змяньшалася і да сёняшняга часу яны проста перасталі праводзіцца. Пры гэтым, сказаць, што Орша зусім заціхла не выпадае: працягваюцца рэпрэсіі, працягваюцца "партызанскія" пратэсты, многія ездзяць на акцыі ў іншыя гарады. Але забойства сілавікамі яшчэ аднаго чалавека - Рамана Бандарэнка - дадало эмоцый да пратэстных настрояў.
Па інфармацыі відавочцаў, сёння ў Оршы людзі зноў выйшлі на цэнтральную плошчу горада. Выйшлі з партрэтамі Бандарэнкі каля 12-00, а ў 12 абвесцілі хвіліну маўчання. Акцыя не была доўгай. Іншыя відавочцы гавораць, што адбыўся яшчэ і адзіноны пікет, але ў іншы час - адзіная ўдзельніца таго пікету была затрыманая міліцыянтамі. Іншыя падрабязнасці нам пакуль не вядомыя.