Раённыя газеты — гэта інфармацыйны рудымент
Раённыя газеты ў свой час павінны былі існаваць пры кожным выканкаме. Напрыклад, у Віцебску была асобная газета райвыканкама, гарвыканкама і аблвыканкама. У Оршы, праўда, два выканкама ўтрымлівалі адну газету, але гэта выключэнне. Больш за тое і сёння існуе правіла паводле якога ўказ мясцовага выканкаму ўступае ў сілу пасля публікацыі яго ў газеце. Пры гэтым ўтрымліваць раённую газету справа не танная: патрэбна памяшканне, бугалтар, карэспандэнты, шыхтар, паслугі друкарні, аплата падаткаў і выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і г.д. А продажы самой газеты падаюць, а рэклама ў такіх выданнях танная. Выдаткі ж на такія друкаваныя СМІ кладуцца на райвыканкаму, якія па ўсёй краіне (за выключэннем двух) з’яўляюцца датацыйнымі.
Здавалася б прыйшоў час перагледзець інфармацыйную палітыку на мясцовых узроўнях, але па шмат якіх прычынах дзяржава не хоча адмаўляцца ад савецкіх тэхналогіяў, што заўважна не толькі ў гэтай сферы.
Яскравы прыклад такога выдання суседская «Дняпроўская праўда». Маленькі выміраючы раён у якім жыве парадку 13.000 чалавек проста не мае той колькасці ахвотных купляць газету, каб яна магла акупацца. Каб павялічыць падпіску ідуць добраахвотна-прымусовыя метады, падпіска прадпрыемстваў і бібліятэкаў, але ж і гэта не дапамагае.
Цікавымі гэтыя газеты таксама назваць складана. Бо газеты, выконваючы дзяржаўны заказ, або па традыцыі шмат пішуць пра сялянаў-герояў пасяўных, а такія артыкулы акрамя саміх герояў нікому не цікавыя. А матэр’ялы дыскусійныя, спрэчныя ім публікаваць, канешне, нельга.
У выніку газеты аб’ядноўваюць, бо зачыніць цалкам нельга. Так, віцебская райвыканкамаўская «Жыццё Прыдзвіння» будзе аб’яднаная з газетай «Віцьба», якая пакуль яшчэ трымаецца. А Дубровенская газета разам з Расонскай і Шаркаўшчынскай увойдуць у холдынг «Віцебскія весці».
Аб’яднанне ў холдынгі — гэта старая безсэнсоўная забава беларускіх уладаў. Сутнасць яе не ў прынцыповых рэформах а толькі ў тым, што стратныя прадпрыемствы (найбольш такія аб’яднанні закранулі прамысловыя прадпрыемствы) далучаюць да прыбытковых. Пасл аб’яднання сродкі на ўтрыманне стратных прадпрыемстваў нясе ўжо не дзяржава, а тое прадпрыемства вакол якога ствараецца холдынг. У прамысловасці такіч аб’днанні рэдка прыносілі рэальны вынік.
Прывядзем толькі два прыклады з прамысловасці. Аршанскі Лягмаш быў далучаны да Беларускага металургічнага завода, які і павінен быў яго выцягваць. Замест жа развіцця Лягмаша атрымалася, што завод робіць не самую важную прадукцыю для БМЗ, а само БМЗ ўлезла ў пазыкі з якіх ужо наўрад ці зможа выкараскацца. Або другі яскравы прыклад: гандлёвы дом «Оріс» які вакол камбіната хлебапрадуктаў аб’днаў амаль усе харчовыя прадпрыемствы рэгіёна і разваліўся за два гады. Пры гэтым КХП цяпер таксама ў пазыках, а мясакамбінат амаль страціў сваю гандлёвую сетку.
З газетамі, бачна, будзе нешта падобнае. Бо калі ў Дубровенскім раёне ўсяго 13.000 патэнцыйных падпісчыкаў газеты, то далучэнне яе да холдынгу не павялічыць колькасць патэнцыйных падпісчыкаў. А сур’ёзныя перамены ў тым чым напаўняць газеты наўрад ці магчымыя — дзяржава бяздарна дыктуе газетам што і як пісаць і ўсе яны з-за гэтага вельмі аднолькавыя.