Прамыслова-лагістычны комплекс «Брэміна-Ворша» ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёну будзе мець меншыя памеры. Гэта вынікае з указу № 2929, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакументам унесены змяненні ва ўказ № 334 ад 21.07.2015 «Аб стварэнні мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу». Калі першапачатковая рэдакцыя ўказу прадугледжвала, што будуць пабудаваны два адміністрацыйныя будынкі агульнай плошчай 5 тыс. кв. м, складскія карпусы на 50 тыс. кв. м. і стаянкі на 500 велікагрузных аўтамабіляў, то ў новым указе ўжо фігуруе адзін адміністрацыйны будынак плошчай 2, 5 тыс. кв. м, склады на 25 тыс. кв. м і стаянкі на 200 месцаў.
Тэрміны будаўніцтва засталіся нязменнымі — да 31 снежня 2023 года.
Таксама скарочаны плошчы перадаваных пасля завяршэння будаўніцтва ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь і гаспадарчае вядзенне РУП «Белмытсэрвіс». Гэта будуць памяшканні ў адміністрацыйным будынку плошчай не менш за 1000 кв. м. (раней асобны будынак не менш за 2 тыс. кв. м), ізаляванае памяшканне ў будынку складскога корпуса плошчай не менш за 5 тыс. кв. м (раней асобны склад на 10 тыс. кв. м), стаянка на 80 месцаў (раней на 200 месцаў).
Акрамя таго, з указу выключаны пункты, якія датычацца выдзялення ўчасткаў, правядзення таргоў і льгот для «Брэміна-Груп». Замест іх з’явіўся пункт «не для друку».