Уладзімір Купава быў выбітным дзеячам спорту ў Воршы. Ён выхаваў цэлую пляяду моцных валейбалістаў. 20 кастрычніка яму споўнілася б 75 гадоў, піша твітэр «Радыё Аршыца».
Дзякуючы Купаву ў 1996 годзе быў створаны валейбольны клуб «Узлёт», які працягнуў традыцыі валейболу пры заводзе «Легмаш». Амаль усе гульцы каманды былі аршанцамі, толькі некаторыя былі з іншых гарадоў, калі трэнер лічыў, што яны сапраўды ўзмоцняць дружыну. Ужо ў 1998 годзе «Узлёт», тады яшчэ пад назвай «Ворша-БКІУ» прабіўся ў найвышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі, у якой правёў некалькі сезонаў. Многія з гульцоў «Узлёту» потым выступалі за іншыя вядомыя клубы, за нацыянальную зборную Беларусі, паказалі высокі ўзровень у замежных чэмпіянатах.
11 снежня 2015 году Уладзіміра Купавы не стала.