У «фінале чатырох» Кубку Беларусі аршанскі «Вітэн» спачатку сустрэўся з гомельскім БЧ. Варта адзначыць, што турнір праходзіў у менскім палацы спорту «Уручча». У асноўны час была нічыя 5:5, а на 2-й хвіліне дадатковага часу Рагавік забіў пераможны для чырвона-чорных мяч. Перамога!
У асноўны час, дарэчы, Рагавік не рэалізаваў пенальці, а ў БЧ на 33-й хвіліне выдалілі з пляцоўкі Себіскверадзэ за паўторнае папярэджанне.
У фінале «Вітэн» гуляў з менскай «Сталіцай». І тут каманду напаткала драма. Забіўшы на 39-й хвіліне ў пакінутую брамнікам браму «Сталіцы», «Вітэн» вёў 2:0 пасля галоў Рося і Рагавіка. Аднак на апошніх секундах матчу, на заключнай 40-й хвіліне «Сталіца» забіла двойчы, прычым сіламі колішніх гульцоў «Вітэну»! Спачатку Алег Гарбенка, а затым Дзмітрый Швядко правялі галы. 2:2!
Па пенальці зялёна-белыя перамаглі 4:2 і забралі кубак. На жаль, «Вітэну» не здалося здабыць трафей гэтым разам.
Адзначым, што Дзмітрый Швядко трапіў у прафесійны спорт пасля турніру дваровых каманд, арганізаванага ў Воршы цяпер ужо зліквідаваным уладамі моладзевым аб’яднаннем «Звяз». Сам Дзмітрый — выхадзец з нашага рэгіёну.
Цяпер ён паўнавартасны гулец аднаго з вядучых міні-футбольных клубаў Беларусі, аўтар 30 галоў у 43 матчах за «Сталіцу» і ўладальнік Кубку Беларусі. Раней Швядко выступаў за «Вітэн» і «Мінск».