На рамонт даху ў аршанскім лядовым палацы патрацяць больш за 80 тысяч рублёў, піша ННВ.
У канцы мінулага году дах на лядовай арэне абследавалі і знайшлі там мноства дэфектаў. У прыватнасці ў шматлікіх месцах пашкоджана ПВХ мембрана, месцамі пашкоджанні няякасна зацыраваныя. Таксама ёсць шэраг іншых пашкоджанняў і недахопаў.
Згодна з тэхнічным заданнем, спатрэбіцца вырабіць больш за 150 латак, каб закрыць пашкоджанні ў ПВХ мембране. Прыкладны кошт усіх работ складае 82 243 рублёў 37 капеек. Рамонт збіраюцца завяршыць да канца траўня.
Лядовы палац спорту ў Воршы быў даўгабудам. Спачатку адкрыць планавалі ў 2012 годзе. Але ў ходзе будаўніцтва высветлілася, што рэзка не хапае закладзеных у праект грошай. Таму на арэну вылучылі новую суму.
Палац адкрылі нашмат пазней за планаваную дату, толькі 24 снежня 2013 году. Гэта дамашняя пляцоўка хакейнага клуба «Лакаматыў». Як і бальшыня лядовых арэн у Беларусі, аршанскі палац стратны, ён атрымлівае нашмат больш грошай з бюджэту дзяржавы, чым зарабляе.