У Воршы ў спартовым комплексе «Алімпіец» у матчы чэмпіянату Беларусі па міні-футболе сустрэліся аршанскі «Вітэн» і менская «Сталіца». Каманды ідуць уверсе табліцы, а таму іх сустрэча азначала нямала ў выніковым размеркаванні месцаў на першым этапе — рэгулярным чэмпіянаце.
Але сустрэча стартавала зусім не так, як хацелі б чырвона-чорныя. Ужо на першых секундах матчу гульцы «Сталіцы» радасна абдымаліся, адкрыўшы лік — аршанец Лазюк зрэзаў мяч у сваю браму. Адгуляць прапушчаны мяч «энергетыкам» удалося толькі ў другім тайме. На 24-й хвіліне Конаў прабіў брамніка «Сталіцы» Лукшу. Нічыя 1:1.
Цяпер у «Вітэна» 30 пунктаў пасля 13 праведзеных матчаў і 2-я пазіцыя. «Сталіца» набрала 31 пункт і займае першы радок, аднак у яе на адзін праведзены матч больш.