Пры Беларускай федэрацыі футболу і Міністэрстве спорту стварылі адмысловую камісію, якая будзе правяраць «ідэалагічную правільнасць» гульцоў. Яна ўжо пачала працу, і шэраг футбалістаў, якія не падпісвалі ліст за Лукашэнку, а то і падпісваліся за свабодныя выбары, губляюць працу. Пра гэта пішуць аўтарытэтныя спартовыя журналісты, у тым ліку Уладзіслаў Татур і Мікалай Хадасевіч.
Адзін з прыкрых момантаў — у камісіі бярэ ўдзел аршанец Антон Пуціла, вядомы футбаліст, які працягвае кар’еру ў чэмпіянаце Беларусі пасля вяртання з Турэччыны, дзе правёў апошнія гады. Таксама ў камісіі ягоны бацька — адзін з патронаў міні-футбольнага «Вітэну», кіраўнік «Магілёўэнэрга» Канстанцін Пуціла.
Рашэнне пра стварэнне такой камісіі прыняло Міністэрства спорту на чале з Сяргеем Кавальчуком на паседжанні аб развіцці футболу.
Вядома пра некалькіх футбалістаў, якія звольненыя са «Слуцку», гарадзенскага «Нёмана», барысаўскага БАТЭ і іншых каманд. Што менавіта казалі на камісіі бацька і сын Пуцілы і ці прысутнічалі яны там асабіста — невядома. Але, на думку журналістаў, гэта сведчыць пра далейшую жорсткую палітызацыю беларускага спорту, у прыватнасці, футболу.