15 красавіка футбольны клуб «Ворша» правёў матч 3-га туру чэмпіянату Беларусі сярод каманд Першай лігі. У Менску каманда сустрэлася з дзяржынскім «Арсеналам», які выступае ў сталіцы праз адсутнасць свайго стадыёна.
Сіне-белыя вельмі актыўна, нават рэзка, пачалі гульню. Ужо на 6-й хвіліне Беразун адкрыў лік пасля падачы кутняга ўдару. А на 12-й і 16-й хвілінах Уладзіслаў Фядосаў аформіў дубль — 3:0!
Такі старт прыгаломшыў «Арсенал», але не зламіў волі яго футбалістаў. На 20-й і 26-й хвілінах намінальныя гаспадары поля забілі два мячы ў адказ. А ў другім тайме супернік забіў яшчэ двойчы і перамог 4:3.
Аршанцы ў першых трох турах набралі толькі 1 пункт і займаюць 13-е месца сярод 17 каманд.