У Воршы і Аршанскім раёне 25 траўня будзе абмежаваны продаж алкаголю. Адбудзецца гэта па звыклай прычыне — у школах «Апошні званок».
Афіцыйна прычына гучыць так: «у сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду (папулярызацыю) здаровага ладу жыцця, прафілактыку п’янства і алкагалізму, барацьбу з імі і прымеркаваных да свята «Апошні званок».
Таксама купіць алкаголь нельга будзе і 10 чэрвеня, на гэты раз «у сувязі з правядзеннем выпускных вечароў».
Выключэнне ў справе рэалізацыі алкагольнай прадукцыі датычыцца толькі правядзення вяселляў і рытуальных абрадаў. У такім выпадку купіць алкаголь будзе магчымым, пры прад’яўленні адпаведных дакументаў.
Дакумент з пастановай Аршанскага райвыканкаму выйшаў з подпісамі кіраўніка выканкаму Ігара Ісачанкі і кіраўніцы справамі Ірыны Хамутоўскай.