Тое, чаго баяліся, адбылося. Футбалісты «Воршы» выдалі найгоршы старт за ўсе часы чэмпіянатаў незалежнай Беларусі. Так слаба каманда яшчэ ніколі не пачынала — усяго 1 пункт у 6 матчах і 15-е месца сярод 17 каманд.
У чарговым матчы, які аршанцы правялі супраць «Слоніма», каманда дамінавала цягам 60 хвілін і вяла ў ліку 1:0. Але — роўна да таго моманту, як на полі на замену з’явіўся Арсеній Вайнер. Ужо праз дзве хвіліны пасля з’яўлення на полі Вайнер адмахнуўся ад суперніка і зарабіў чырвоную картку. Пасля гэтага гульня падапечных Ігара Чумачэнкі змянілася да непазнавальнасці — знікла ўся вастрыня, а «Слонім», які амаль не меў шанцаў дагэтуль, пачаў часцей выбірацца да брамы Валадзькова.
І двойчы дамогся свайго — на 76-й хвіліне быў забіты першы гол. А ўжо ў кампенсаваны арбітрам час, калі ўсё ішло да нічыйнага выніку, аршанцаў напаткаў халодны душ — яшчэ адзін прапушчаны мяч.
Слонімцы звозяць з Воршы 3 пункты, а наша каманда церпіць пятую паразу ў шасці матчах. Дасюль найгоршым пачаткам чэмпіянату для аршанцаў быў сезон 1998 году, але тады ў 6-м туры была першая перамога. Цяпер гэтага не адбылося.