Як раней паведамляў наш сайт, у Воршы ўлетку адбудуцца спаборніцтвы ў рамках ІІ Гульняў краін СНД. Яны пройдуць у Беларусі з 4 па 14 жніўня.
Ворша, у прыватнасці, прыме турнір баксёраў. Дзяржаўны трэнер па боксе Аляксандр Ермашэвіч у інтэрв’ю БелТА заявіў:
«Ворша — гэта Віцебская вобласць, а менавіта віцябляне здабылі для беларускага боксу алімпійскія медалі. Алімпійскім чэмпіёнам Сеула-1988 стаў Вячаслаў Яноўскі, а Віктар Зуеў заваяваў срэбра Алімпіяды-2004 у Афінах».
Асобна Ермашэвіч пахваліў спартовыя арганізацыйныя магчымасці нашага горада.
«У Воршы добрая інфраструктура для правядзення баксёрскага турніру — на Лядовай арэне ёсць усё для правядзення спаборніцтваў такога ўзроўню. Побач размешчаны спарткомплекс „Алімпіец“, трэніровачная зала. Спартоўцы, трэнеры, суддзі будуць жыць у крокавай даступнасці, так што ўсё павінна прайсці на высокім узроўні».
Акрамя Воршы, спаборніцтвы пройдуць у Берасці, Віцебску, Гомелі, Гародні, Магілёве, Менску, Барысаве, Салігорску, Воршы, Маладзечне і Жлобіне.
Чэмпіёны і прызёры будуць вызначаны ў 20 відах спорту. Цырымоніі адкрыцця і закрыцця спартовага форуму прыме «Менск-Арэна».