06:00

-1

8 м/с

977 гПа

09:00

-2

7 м/с

979 гПа

12:00

-0

7 м/с

981 гПа

15:00

+1

7 м/с

981 гПа

18:00

+1

8 м/с

980 гПа

Рэгіён, Культура

Вусце. Некалькі цікавых фактаў

25.06.2023 07:49

1552 прагляду, 0 каментароў

Працягваем распавядаць пра цікавыя вёскі Аршанскага раёна

Факт 1. Вельмі развітая вёска. Вусце на мапе раёна не самая заўважнае, бо тут зараз жыве ўсяго толькі крыху больш за 700 чалавек. Але яе можна лічыць самай развітай вёскай раёна. Тут працуе цэлы інстытут, падраздзяленне Акадэміі навук, што, канешне, падвышае інтэлектуальны ўзровень жыхароў вёскі. Пры інстытуце ёсць свая вялікая гаспадарка ў якой навукоўцы эксперыментуюць з вырошчваннем ільна. Вельмі развітае культурнае жыццё. У нядзелю, 25 чэрвеня, тут адбудзецца свой фестываль, а сваім вясковым фестывалем у нашым рэгіёне могуць пахваліцца ўсяго тры вёскі: Вусце, Александрыя, Гацькаўшчына, і ў кожным разе з агаворкамі. Менавіта з-за сённяшняга фестывалю мы і вырашылі напісаць пра Вусце. Вёска нават мае сваю вялікую старонку ў Вікіпедыі на некалькіх мовах, у тым ліку на чачэнскай і татарскай. Гісторыя вёскі таксама вельмі добра даследавана і ў гэтым артыкуле, на жаль, мы не зробім нейкіх нечаканых адкрыццяў — амаль усё ўжо ёсць у сеціве.

Але вёсцы яшчэ ёсць куды развівацца. Некалькі год таму тут абмяркоўвалі генеральны план развіцця Вусця і мясцовыя жыхары папрасілі чыноўнікаў унесці ў план стварэнне фельчарскага пункту. Чыноўнікі не прынялі гэтую ідэю і замест медычнай установы прапанавалі пабудаваць у вёсцы царкву.

Факт 2. Легенда пра назву. Вусце — вельмі звычайная назва для усходне-славянскіх моваў, у тым ліку і для беларускай. Такіх назваў шмат. І можна было б не разглядаць паходжанне назвы, калі б не легенда, якая суправаджае гэтую назву. Паводле легенды, назву Вусце для вёскі прыдумала ажно сама кіеўская княгіня Вольга. Маўляў, яна плыла па Дняпры і пабачыла, як шырока ён тут разліўся, таму падумала, што гэта можа быць вусце Дняпра перад нейкім морам. Больш за тое, менавіта тады — паводле легенды — вёска і ўзнікла, бо частка дружыны засталася тут і стварыла паселішча.

Гэта, вядома, прыгожая легенда, але цалкам непраўдзівая. Князёўна Вольга, натуральна, рэальна існавала, але авеяна легендамі, і рэальную яе біяграфію нельга аднавіць настолькі дакладна, каб прасачыць ейныя падарожжы. Больш за тое, яна ўвогуле магла не выязджаць паўночней межаў сучаснай Украіны. А большасць фактаў яе біяграфіі напісана не яе сучаснікамі, а пазнейшымі летапісцамі, якія дадавалі туды шмат біблійных гісторый. Такім чынам, яны ўзвышалі Вольгу, але, скажам шчыра, проста хлусілі.

Факт 3. Вольгі не было, а вікінгі былі. Як напісана вышэй, кіеўскіх дружынаў тут, бачна, не было ў Сярэднявеччы. Але ж вёска старая, знаходзіцца побач з Дняпром, а значыць, удзельнічала ў жыцці гандлёвага шляху «З варагаў у грэкі». І гэта пацвярджае археалогія. Недалёка ад вёскі яшчэ ў 1929 годзе выявілі старое гарадзішча. У ім былі выяўленыя ў тым ліку рэчы, якія належалі вікінгам. Акрамя таго, у культурных слаях гарадзішча выявілі дастаткова рэдкія вырабы з жалеза: кавалак мяча і стрэмя. А ўжо ў нашым стагоддзі яшчэ і металічнае кальцо, якое было нятаннай рэччу для Сярэднявечча.

Факт 4. Знікала і аднаўлялася. Увогуле пра Вусценскае гарадзішча варта распавесці больш, яно сапраўды цікавае. Пры раскопках археолагі выявілі тут культурніцкі слой у метр глыбінёй — гэта шмат, і гэта азначае, што тут было вельмі актыўнае жыццё. Вывучыўшы парэшткі будынкаў гарадзішча, навукоўцы змаглі падлічыць, што ў 12-ым стагоддзі тут жыло каля 50 чалавек. Па сярэднявечных мерках гэта ўжо не проста вёска, а дастаткова вялікае паселішча.

Пры падрабязным вывучэнні культурніцкага слою выявілася, што ён не адзін. На гарадзішчы два культурніцкіх слаі. Першы адносіцца да 2-га стагоддзя нашай эры, а другі 12 стагоддзя. Што ж было паміж імі? Куды падзелася тысяча гадоў гісторыі Вусця? На гэта навукоўцы таксама змаглі адказаць: паміж двума слаямі знайшліся сляды пажару. То бок, першае паселішча (2 стагоддзе) згарэла, і пасля гэтага людзі амаль на тысячу год сышлі з нажытага месца. А ў 12 стагоддзі сюды прыходзяць людзі зарубянецкай культуры, якую навукоўцы асацыююць са славянамі, і карыстаюцца перавагамі гандлёвага шляху да тае пары, пакуль не змянілася эканоміка і палітыка мясцовасці — гандлёвы шлях згасае і пачынаецца эпоха феадалізму, пры якой гарадзішчы ўжо непатрэбныя.

Факт 5. Першыя вядомыя ўладальнікі. Першае ўзгадванне вёскі пад сучаснай назвай датуецца 1644 годам і звязана з сямействам Цэханскіх — не самы вядомы шляхетны род. Не самы вядомы, бо Цэханскія былі дастаткова беднай шляхтай. Яны каля ста гадоў валодаюць мясцовай зямлёй і самой вёскай. Але ў 1765 годзе Цэханскіх становіцца так шмат, а колькасць зямлі за гэтыя сто год не вырасла, і ў выніку мужчыны гэтага роду (а іх было ў гэтым пакаленні аж 10 дарослых чалавек) не змаглі мірна падзяліць зямлю продкаў. Каб не перабіць адзін аднаго ў спрэчках за маёнтак і вёску, Цэханскія вырашаюць падзяліць не зямлю, а грошы, і прадаюць гэтыя свае ўладанні. Купляе маёнтак і зямлю Антон Бурскі, але валодаць ёй ён будзе менш за 10 гадоў. З падзелам Рэчы Паспалітай вёска канфіскоўваецца (Магчыма Бурскі не змог даказаць сваю шляхотнасць — так многія шляхцічы страчвалі маёмасць пасля прыходу сюды Расіі) і яшчэ праз 10 гадоў перадаецца Марыі Ваташнёвай. Але і яна яшчэ да рэвалюцыі страціць маёнтак. На фота апошні панскі дом, які рэвалюцыю перажыць змог, але да нашых часоў не захаваўся.

Факт 6. Дрэвы як напамін пра мінулае. Пры такой частай змене ўладальнікаў вёска не змагла добра развіцца. Прынамсі, тут не захавалася старых каменных помнікаў, якія для шляхты лічыліся прадметам гонару. Панскі маёнтак быў драўляным і не дажыў да нашага часу. Таму самае старое, што сёння можна пабачыць у вёсцы — гэта прысады дрэваў. Першая з іх была высаджана яшчэ ў 1900 годзе шляхцічам Курчай. Гэтая алея з лістоўніцаў, якая ідзе ўздоўж цэнтральнай вуліцы вёскі.

Другая алея была высаджана пасля вайны каля 1949 года. У гэты час была скончана дарога Чэрвіна-Балбасава і ўздоўж яе высадзілі алею бярозаў. На фота алея лістоўніцаў.

Факт 7. Уласная рэвалюцыя. Задоўга да 1917 года і нават раней за 1905 год Вусценскія сяляне распачалі свае бунты. Тое, што Курчай стварыў алею ў вёсцы, аніяк не ўплывала на дастаткова цяжкае жыццё сялянаў таго часу. І ў 1903 годзе вусцянцы наважыліся на бунт і нават забілі паліцэйскага. Бунт не прынес хуткіх вынікаў і працягваўся ў розных выглядах да 1905 года, у тым ліку ў выглядзе забастовак.

У выніку перманентнага супрацьстаяння вяскоўцы свайго дасягнулі: быў зменшаны рабочы час, павялічаны заробак і г.д.

Факт 8. Склады зброі. Сярод аматараў экстрэмальных падарожжаў Вусце вядомае — тут бывала шмат розных трэвэл-блогераў з Украіны і Расіі, канешне, і нашыя. Напэўна менавіта аб’ект іх інтарэсу і мог бы стаць самым цікавым турыстычным аб’ектам — гэта закінутыя сховішчы ядзернай зброі. У часы халоднай вайны менавіта за Вусцем захоўвалі ядзерныя бомбы.

Цікава, што першымі тут пачаў будаваць сховішчы зброі не Савецкі Саюз. Паспрыяла знаходжанне побач Балбасаўскага аэрадрому, які быў пабудаваны яшчэ да вайны. Таму немцы ў час Другой Сусветнай вайны першымі пачалі ствараць тут вялікія склады для авіяцыі.

Факт 9. Гагарынскія музыкі. А сёння вёска, напэўна, найбольш вядомая сваім ансамблем «Гагарынскія музыкі», якія хаця пакуль і не маюць сусветнай славы, але актыўна піярацца ў сацыяльных сетках і едзяць па гастролях, хай пакуль і не на платныя сольныя выступы. Калектыў сапраўды цікавы. Існуе ён пры мясцовым ДК і задае рытм усяму культурнаму жыццю вёскі.

Калі ў краіне пачаў падаць узровень захворваемасці Ковід-19 хлопцы ініцыявалі нават свой фестываль, які сёння — у нядзелю 25 чэрвеня — пройдзе ўжо трэці раз. Фестываль збірае гарманістаў з бліжэйшага наваколля. А на першым фэсце самай відовішчнай часткай фэсту стала шэсце некалькі дзесяткаў гарманістаў праз усю вёску да Дому культуры. Але не толькі ДК, ёсць тут бібліятэка і нават мясцовы музей, які даследуе гістрыю вёскі.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Вусце. Некалькі цікавых фактаў

Працягваем распавядаць пра цікавыя вёскі Аршанскага раёна

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение