У 15-м туры чэмпіянату Беларусі ў рамках Першай лігі адбылася доўгачаканая падзея — дэрбі паміж «Воршай» і «Віцебскам». Дэрбі, нагадаем, у свеце футболу называюць матчы каманд з аднаго горада або рэгіёна.
Стартавалі аршанцы вельмі няўдала, дзве пазіцыйныя памылкі прывялі да двух галоў, прапушчаных пасля ўдараў Лісоўскага і Давыдава на 20-й і 27-й хвілінах адпаведна. Аднак каманда ігара Чумачэнкі здолела ўзяць сябе ў рукі. На 40-й хвіліне Мікіта Закрэўскі забіў свой чарговы мяч у гэтым чэмпіянаце. Паўабаронца выдатна зрэагаваў на мітусню ў штрафной пляцоўцы віцяблянаў і трапна прабіў — 1:2.
На жаль, «Віцебску» ўдалося забіць гол перад самым перапынкам, зноў адзначыўся Лісоўскі, які быў, напэўна, найлепшым у складзе гасцей разам з Красновым.
Аднак лік 1:3 не збянтэжыў сіня-белых. Аршанцы актыўней ішлі ў атаку ў другой палове сустрэчы, а на 79-й хвіліне гол арганізавалі гульцы, якія выйшлі на замены. Ільяз Сафі аддаў перадачу, а Арцём Антонаў замкнуў далёкую штангу — 2:3 — і шанцы яшчэ ёсць!
У «Віцебска» былі моманты, каб вызначыцца голам, аднак у браме «Воршы» цудоўна ў шэрагу момантаў праявіў сябе Арцём Валадзькоў. Нашай камандзе не ўдалося забіць трэці мяч, хоць моманты для гэтага меліся.
Аршанцы саступаюць у матчы і, верагодна, застануцца на 13-й пазіцыі ў табліцы, якую займаюць цяпер. Наступны матч «Ворша» правядзе супраць «Жодзіна-Паўднёвага», якое ў гэтым туры перамагло ў Асіповічах.