Наш сайт раней паведамляў аб тым, што адбыўся суд над педагогам, але за што канкрэтна судзілі жанчыну, не было вядома. Цяпер «Віцебская вясна» даведалася прычыну і суму штрафу, які прызначылі жанчыне.
Яе аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Суддзя суда Сенненскага раёну Людміла Талай прысудзіла штраф Караліне Звярынскай 29 чэрвеня. Звярынская працуе педагогам-арганізатарам у віцебскай сярэдняй школе № 28. Раней яе справа значылася ў раскладзе суда Першамайскага раёна Віцебска, аднак яго перадалі па месцы рэгістрацыі педагога — у Сенненскі раён.
На Звярынскую «выйшлі» сенненскія міліцыянты, якія гарталі старонкі ў сацыяльнай сеткі Інстаграм. Аказалася, што педагог мела сярод падпісак інфармацыйны рэсурс «Радыё Свабода — Беларусь», які ў снежні 2021 года рэжым Лукашэнкі ўключыў у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
На падставе пратакола і прызнання віны самой настаўніцай, суддзя Талай, у межах ч.2 арт.19.11 КаАП, аштрафавала Звярынскую на 370 рублёў без канфіскацыі тэлефоннага апарата.