Нядаўна дзяржаўнае агенцтва БелТА ў традыцыйным радасна-пазітыўным ключы напісала інфармацыю, што ў Багушэўску з'явіцца помнік Дзмітрыю Багушэўскаму і яго жонцы. Дастаткова пазітыўная навіна выклікала спрэчкі ў недзяржаўных СМІ.
Першымі скепсіс выказалі беларусацэнтрычныя эксперты. Помнік павінен адкрыцца на Дзень народнага адзінства. Праўда, якое дачыненне да адзінства беларускага народа мае расейскі афіцэр, які хоць і валодаў Багушэўскам, але непасрэдна трапіў сюды толькі за некалькі год да сваёй смерці. Прычым пасля таго, як мясцовыя сяляне паднялі бунт супраць яго.
Другое пытанне гэта чарговая міфалагізацыя расейскай часткі гісторыі Беларусі. Па версіі ініцыятараў помніка, развіццё Багушэўск атрымаў дзякуючы менавіта Дзмітрыю Багушэўскаму. Бо ён перадаў частку сваёй зямлі пад будаўніцтва чыгункі і пасля гэтага тут пачало узнікаць мястэчка. Насамрэч, мястэчка тут ўзнікла раней дзякуючы першым пасяленцам: латышу, габрэю і беларусу, што таксама дастаткова цікавая і аб'яднаўчая гісторыя. А міф пра дабрачыннасць Багушэўскага — рэальны міф, бо ён не мог адмовіцца перадаць кавалак зямлі для будаўніцтва дзяржаўнай стратэгічнай чыгункі.
Пры гэтым такія міфы ў Беларусі ствараліся і ствараюцца, і прыносяць шкоду рэальным гістарычным ведам. Напрыклад, сітуацыя ў Копысі дзе Пётр Першы знішчыў мясцовы замак, але замчышча абрасло штучным міфам, што менавіта ён пабудаваў замак і таму цяпер яго называюць Пятроўскі вал. Або Смалянскі міф, паводле якога назва вёскі паходзіць ад таго, што сюды прыйшлі перасяленцы са Смаленску ды гэтак далей.
Пры гэтым мясцовыя жыхары, якія далёкія ад барацьбы міфаў і ідэалогій, больш падымаюць пытанне пра рацыянальнасць помніка. Сітуацыя ў Багушэўску рэальна пагаршаецца. Раней асноўным працадаўцам у мястэчку быў Ільнозавод. Яго зачынілі і мястэчка страціла шмат жыхароў. Адносна нядаўна зачыніўся і мясцовы супрацьсухотны дыспансэр, які таксама даваў рабочыя месцы.
Увогуле за час незалежнасці Багушэўск страціў амаль палову насельніцтва: з 4590 чалавек у 1989 годзе да 2548 у 2018 годзе. І перспектываў не бачна. І, канешне, адзін помнік не вырашыць аніводнай праблемы мясцовых жыхароў. А пры такім змяньшэнні насельніцтва можа і не стаць "цэнтрам прыцягнення закаханых", як хочуць ініцыятары, бо саміх закаханых у мястэчку хутка можа і не застацца. Таму для мясцовых жыхароў больш актуальнае пытанне: ці нельга на нешта больш карыснае выдаткаваць грошы, чым на помнік, які падкрэсліць не надта праўдзівы міф пра ўнёсак Багушэўскага ў развіццё мястэчка.
Але пытанне дыскусійнае, выкажыцеся ў каментарх, а што думаеце вы пра актуальнасць помніка.