Як пісаў раней наш сайт, былы беларускі палітвязень Аляксандар Івулін, калі знаходзіўся за кратамі, натхніў паплечнікаў і прыхільнікаў на стварэнне Ivulin Team (каманды Івуліна). Яна гуляла таварыскія выставачныя матчы, збірала грошы на падтрымку Аляксандра. Сёлета ўжо сам аршанец выйшаў з турмы і вымушана выехаў з Беларусі. Цяпер ён жыве ў эміграцыі і працягвае гуляць у футбол і весці свой відэаблог.
Каманду назвалі «Пагоняй» і заявілі ў Кубак Польшчы сярод аматарскіх каманд. У першым раўндзе «Пагоня» не выступала, бо так вырашыла лёсаванне, а вось у другім у супернікі трапіла каманда «Вікторыя Зэжань».
У выніку беларуская каманда «Пагоня» перамагла ў гістарычным першым матчы ў Кубку Польшчы. Старт турніру для каманды беларусаў стаў надзвычай удалым — разгромная перамога 5:0 над «Вікторыяй Зэжань» і выхад у наступную стадыю.
У трэцяй стадыі турніру «Пагоню» чакала выпрабаванне «Варсовіяй». Гэтая каманда вядомая сваёй добрай футбольнай школай. Беларусы мелі некалькі магчымасцяў забіць, але зрабіць гэтага не ўдалося. Супернікі ж вызначыліся адзін раз, якога хапіла для праходу ў наступны этап. Беларуская дружына заслужыла шмат падзякі сваёй стараннай гульнёй, але, на жаль, рассталася з турнірам.