Вядомы беларускі музыкант родам з вёскі Тарчылава Аршанскага раёну плануе надрукаваць тысячу асобнікаў «Беларускага дзіцячага спеўніка», які ў 1920 годзе выдаў у Вільні фалькларыст і педагог Антон Грыневіч. Арыгіналы таго выдання захаваліся выключна ў архівах, а сам аўтар унікальнай падборкі быў расстраляны саветамі ў 1937 годзе.
Праз 100 гадоў этнограф і музыка Сяржук Доўгушаў паставіў сабе задачу вярнуць спеўнік Грыневіча ў шырокі ўжытак і распаўсюдзіць выданне сярод беларусаў па ўсім свеце.
«Каб нашыя дзеткі спявалі свае песні», — натхнёна падзяліўся задумамі музыка з «Радыё Ўнэт».