Усё цячэ, усё змяняецца, але матч «Вітэна» і «Сталіцы» — гэта наша ўсё ў беларускім міні-футболе, — гэтак пачаў свой матэрыял-анонс пра гэты матч афіцыйны сайт «Вітэну». Аршанская каманда 4 снежня згуляе ў галоўным міні-футбольным супрацьстаянні Беларусі.
Стан каманд іх турнірныя задачы і іншыя складальнікі адыходзяць на другі план у дзень паядынку. На гэты раз — гэта будзе панядзелак. Да вочнага супрацьстаяння калектывы падыходзяць без дыскваліфікацый і ў рангу лідэраў чэмпіянату. Мінчан ужо ў першым коле не дагнаць, але можна да мінімуму скараціць адставанне, піша сайт «энергетыкаў».
Характэрна, што за 36 матчаў паміж сабой каманды набралі аднолькавую колькасць балаў. На іх балансах па 14 перамог і яшчэ 8 нічыіх. Пры гэтым «Вітэн» у гэтых супрацьстаяннях крыху больш забіваў — 121-115. У гэтым матчы сыдуцца і галоўныя галеадоры чэмпіянату. Арцём Якубаў пасля сыходу ад «энергетыкаў» у «Сталіцу» паказвае ці ледзь не найлепшую гульню ў кар’еры, а Уладзімір Разуванаў паставіў мячы ў вароты апанентаў на канвеер.
А таксама нас чакае супрацьстаянне двух самых яркіх фан-сектараў лігі. Гульня стартуе ў Воршы ў 18-00 у панядзелак, і яе можна паглядзець некалькімі спосабамі.
Трансляцыі: тэлеканал «Беларусь 5», youtube-канал «Futsal Belarus».