Мікалай Кітаёў канчаткова і афіцыйна стаў галоўным трэнерам футбольнага клубу «Ворша». Раней ён уваходзіў у трэнерскі штаб каманды, быў памочнікам галоўнага трэнера каманды Ігара Чумачэнкі, які цяпер узначаліў «Маладзечна-2018», забраўшы з сабой капітана каманды Вадзіма Бальбуха, паўабаронцу Абдулазіза Лавала і нападніка Уладзіслава Фядосава.
Пра прызначэнне Кітаёва паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал футбольнага клубу.
Мікалай Кітаёў, уваходзячы ў трэнерскі штаб, працягваў і гуляць, але ў апошніх чэмпіянатах рэдка з’яўляўся на полі.
Тэлеграм-канал «Радыё Аршыца», які піша пра гісторыю і статыстыку аршанскага клубу, успомніў, што Мікалай Кітаёў з’яўляецца рэкардсменам «Воршы» па колькасці праведзеных гульняў (356). Акрамя таго, Кітаёў на 2-м месцы па колькасці забітых галоў (95), яго апярэджвае толькі Уладзімір Правалінскі.
Як стала вядома раней, аршанцы выйдуць з адпачынку 1 лютага 2024 году. А неўзабаве стануць вядомыя абрысы будучага складу дружыны.