Паводле дадзеных Белстата, насельніцтва Оршы працягвае змяньшацца. За год наш горад страціў амаль 900 чалавек. Адпаведна, праз 2-4 гады Орша можа страціць статус статысячнага горада. Але пра гэта мы пісалі ўчора. Давайце паглядзім на іншыя населеныя пункты нашага раёна.
Аказваецца, змяньшаецца насельніцтва па ўсім раёне. Калі ўзяць раён агулам, то насельніцтва зменьшылася больш чым на тысячу: у 2023 годзе было 142.331 насельніцтва, цяпер 141.046. У Барані насельніцтва змяньшаецца марудней: было 10.301, цяпер - 10.245 чалавек. То бок, праз 2-3 гады ў Барані не будзе 10.000 насельніцтва. У Балбасава знасельніцтва зменьшылася прыблізна на 50 чалавек: было 3.347, стала - 3.292. Гэта падаецца не шмат, але на агульным фоне - гэта змяньшэнне амаль на 2%. Калі ўзяць па працэнтах, то яшчэ больш зменьшылася Копысь: было 628, стала - 609. То бок, змяньшэнне амаль на 3%.
Выключэнне ва ўсім гэтым сумным спісе - Арэхаўск. Тут насельніцтва наадварот павялічылася. Але ўсяго толькі на 37 чалавек, што, канешне, не кампенсуе страту насельніцтва па іншых населеных пунктах.