Падыходзіць да завяршэння рэгулярны чэмпіянат Беларусі ў міні-футболе. Напярэдадні аршанскі «Вітэн» згуляў у Барысаве супраць мясцовай дружыны «Барысаў-900». І гэтая сустрэча, на пэўнае дзіва, стала не такой лёгкай для каманды. Чырвона-чорныя загналі першымі — на 6-й хвіліне вызначыўся Разуванаў. На заключнай да першай паловы хвіліне Міронаў адправіў мяч ва ўласную сетку. А на 31-й хвіліне Батурын, здавалася б, падвёў рысу пад матчам і пазбавіў барысаўчан усіх шанцаў. 3:0 на карысць чырвона-чорных!
Але не ўсё было такім простым. «Барысаў-900» трымаў свой галявы патэнцыял у дадзеным паядынку да самага канца, і затым стрэліў. На 39-й хвіліне Дунаеў перадаў «прывітанне» аршанскаму брамніку Эльяшэвічу. А праз некалькі секунд Умпіровіч загнаў у браму гасце другі мяч.
На большае часу, як кажуць, «Барысаву-900» не хапіла. Таксама варта адзначыць, што Міраслаў Эльяшэвіч у гэтай сустрэчы неаднойчы ратаваў «энергетыкаў» у цяжкіх становішчах, і менавіта ягоная заслуга ў тым, што гаспадары паркету правялі свае галы так позна, калі часу амаль не заставалася.
Перамога 3:2, і «Вітэн» застаецца на чале турнірнай табліцы. У наступнай сустрэчы праз два тыдні аршанцы адправяцца ў Менск, дзе будуць супрацьстаяць «Сталіцы».