Ужо ў суботу, 6 красавіка футбольны клуб «Ворша» згуляе свой першы паядынак у новым першынстве. Блакітна-чорныя зноў гуляюць у Першай лізе краіны, куды падняліся яшчэ ў 2014 годзе. З таго часу каманда пераважна займае месцы ў ніжняй частцы табліцы.
У першым матчы новага сезону аршанцы згуляюць у пасёлку Кастрычніцкі, што ў Смалявіцкім раёне, а 14-й гадзіне супраць другой каманды жодзінскага «Тарпеда».
«У дзень 6 красавіка нашай камандзе за ўсю 73-гадовую гісторыю даводзілася стартаваць у першынстве толькі аднойчы — зусім нядаўна, у 2018 годзе. Тады пачатак быў спраўным — гасьцявая перамога ў Гомлі над „Лякаматывам“ 2:0 дзякуючы дублю Ўладзіслава Знака», — піша дзённік заўзятараў «Воршы» «Радыё Аршыца» ў сваім анонсе першай сустрэчы.
За тыя месяцы, што прайшлі з мінулага сезону, аршанцы страцілі амаль усіх ключавых гульцоў, у прыватнасці, Закрэўскага, Бальбуха, Фядосава і некаторых іншых. Затое ў каманду вярнуўся Глеб Жалезнікаў, а ўзначаліў яе — Мікалай Кітаёў, рэкардсмен клубу па колькасці праведзеных гульняў.