У госці на Гарадскі стадыён прыехала другая каманда менскага «Дынама». Нарэшце дружыне Мікалая Кітаёва ўдалося загнаць хуткі гол, які ў выніку і стаў пераможным. Падача ў карную зону прывяла да таго, што абаронца Станіслаў Іршаў якасна злавіў мяч на нагу і прабіў — ужо фактычна з рысы брамы мяча крануўся Арцём Гонжураў — гол! Гэтак на 8-й хвіліне аршанцы адсвяткавалі першы галявы поспех. Першы, ды апошні. Больш галоў у сустрэчы не было.
У другой палове брамнік «Дынама-ІІ» Іван Фралоў быў выдалены пад канец паядынку за ўдар суперніка нагой у галаву. У большасці аршанцы мелі магчымасць вызначыцца яшчэ, але ўжо не ўдалося.
Аднак галоўная задача дасягнутая — аршанцы здабываюць 3 пункты і падымаюцца на 11-ы радок турнірнай табліцы Першай лігі. У наступныя выхадныя блакітна-чорных чакае паездка ў Ліду.