Вікторыя стала ўжо 4-й для каманды ў 14 турах першынства. Такім чынам, блакітна-чорныя пачалі выпраўляць сваё становішча і ўмацаваліся ў сярэдзіне турнірнай табліцы. Увесь матч са «Слонімам» прайшоў цалкам пад кантролем аршанцаў. Хоць агадаць гол удалося толькі на 33-й хвіліне. Малаткоў перадаў мяч Жалезнікаву, і той адкрыў лік. Гэты гол, як піша «Радыё Аршыца», стаў для Глеба ўжо 20-м у складзе «Воршы» за кар’еру.
Другая палова таксама праходзіла пад кантролем «Воршы». Гэта не значыць, што «Слонім» не атакаваў. Але большасць атак «львоў» аршанскія футбалісты лёгка разбуралі, забіралі ў суперніка мяч, ці памыляўся ён сам. На 79-й хвіліне ўжо Глебу Жалезнікаву ўдалося аддаць галявы пас Ягору Малаткову, і той загнаў свой першы гол у складзе каманды. Лік 2:0, і аршанцы лёгка давялі сустрэчу да перамогі.
Гульню прапускаў адзін з верхаводаў «Воршы» Дзмітрый Тамэла, у яго была дыскваліфікацыя.
На новым тыдні сустрэч Першай лігі не будзе, чакаюцца кубкавыя гульні. Прымае ў іх удзел у «Ворша». Анонс чакайце на нашым сайце пазней.