Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў напрыканцы чэрвеня, некаторыя мерапрыемствы форума праходзілі і ў Оршы. Найбольш заўважнай падзеяй форума стала заява, што паміж Смаленскам і Оршай (а таксама Смаленскам і Віцебскам) запусцяць прамыя прыгарадныя цягнікі. Пазней гэтая заява атрымала працяг - тыдні праз два пасля форума было абвешчана, што цягнікі запусцяць у ліпені. Але ўжо канец ліпеня і пакуль далей словаў справа не зварушылася.
Праўда, на днях з'явіўся дадатак да старой заявы. Губернатар Смаленскай вобласці абвесціў, што цягнікі ўсё ж такі плануюць запусціць, але не прамыя. Чакаецца, што расейскі цягнік будзе ісці ад Смаленску да станцыі Асінаўка, а на станцыі людзі будуць выходзіць з цягніка і перасоджвацца ў беларускі цягнік, які і паедзе да Оршы. Прыблізна такая ж схема (толькі перасадка была на станцыі Красное) была і да пандэміі ковіда, якая і спыніла рух цягнікоў ад Оршы да Смаленска.
Таксама ўдакладнілася і дата запуска цягнікоў, дакладней, яна стала яшчэ больш расплыўчатая. Калі раней гаварылася, што рух пачнецца ў ліпені, то цяпер адказныя асобы гавораць, што цягнікі пойдуць летам.