У суперніках быў сусед па табліцы — «Паперпрам» з Гомлю. Першы тайм сустрэчы быў значна цікавейшым за другі, і ён умясціў усе асноўныя падзеі паядынку. Спачатку за гульню рукой у браму гасцей паставілі 11-метровы. Але з карнага Сяргей Мельнік адправіў мяч міма брамы. Затое праз некалькі хвілін госці зноў парушылі правілы ў сваёй карнай пляцоўцы, і на гэты раз да пазнакі падыйшоў Дзмітрый Тамэла, які выконваў у сустрэчы функцыі капітана, бо Павел Расолька адсутнічаў. Трапны ўдар — гол!
Аршанцы павялі 1:0 і да канца сустрэчы свайго ўжо не ўпусцілі. Пад канец сустрэчы выматаліся абодва супернікі, але асабліва «Ворша». Гэтым пару разоў мог скарыстацца «Паперпрам», але цудоўная гульня Сяргея Ігнатовіча ў браме ратавала блакітна-чорных. Перамога здабытая!
Варта адзначыць, што камандай у гэтай сустрэчы кіраваў Антуан Маёраў, бо Мікалай Кітаёй на трэнерскім мастку на гэты раз адсутнічаў. Аршанцы часова выйшлі на 6-ю пазіцыю, але ў пары супернікаў побач на матч меней.