Наша каманда прымала на сваім полі аднаго з фаварытаў І футбольнай лігі чэмпіянату Беларусі — «Хвалю» з Пінску. Яшчэ ў першай палове аршанцы прапусцілі гол, і доўгі час лік заставаўся такім, нявыгадным аршанцам.
Аднак на 89-й хвіліне капітан і верхавод цяперашняй каманды Дзмітры Тамэла падхапіў мяч на левым краі поля, прасунуўся да карнай пляцоўкі, прастрэліў, і Аляксандр Кучараў засмуціў брамніка палешукоў — 1:1!
Сустрэча скончылася з такім лікам, аршанцы апусціліся на 11-е месца, але набраны з пінчукамі пункт можна лічыць досыць неблагім вынікам — у апошнія тыдні каманда двойчы саступіла з агульным лікам 0:7. Варта спадзявацца, што крызіс каманды Кітаёва быў нядоўгім, і яна зноў пачне стабільна набіраць пункты, як рабіла гэта ў чэрвені і ліпені.