Іван Верас — беларускі цэнтральны нападнік, якому 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, а дарослую кар’еру пачаў у 2017-м годзе ў бабруйскай «Белшыне». Затым у ягонай кар’еры былі «Чысць», мікашэвіцкі «Граніт», маладэчанскі «Андэрдог», «Смалявічы» і менскія «Крумкачы».
Потым на спартовым шляху нападніка паўсталі Мальдывы, і ён прыняў экзатычную прапанову. Праз год выступленняў на Мальдывах Верас пераехаў у Індыю, дзе далучыўся да каманды «Айзаул». За яе ён пагуляў няшмат — усяго 8 сустрэч. Загнаў у іх 2 галы. У мясцовай «І-лізе» каманда заняла 7-е месца.
Кошт на гульца ў ацэнцы аўтарытэтнага праекту па пераходах Transfermarkt складае 150 тысяч еўра. Але «Воршы» Іван дастаўся бясплатна — ягоны кантракт з «Айзаулам» скончыўся.
Пабачым, ці дапаможа Верас «Воршы». Ужо ў нядзелю будзе першая магчымасць праявіць сябе, аршанцы сустракаюцца з віцебскім клубам «Макслайн».