Аршанскі міні-футбольны клуб «Вітэн» рыхтуецца да новага сезону ў чэмпіянаце Беларусі. Летась камандзе зноў не ўдалося вярнуць у Воршу залатыя медалі першынства. Аднак перад галоўным трэнерам каманды, а нядаўна яе гульцом, Андрэем Чарніенкам, стаяць максімальныя задачы. Мэту перамагчы ва ўсіх турнірах пацвердзіў клубнай прэс-службе і дырэктар «чырвона-чорных» Юрый Алейнікаў.
У вялікім інтэрв’ю клубнаму сайту, Алейнікаў расказаў пра розныя аспекты працы «энергетыкаў». У прыватнасці, падзяліўся інфармацыяй, якім чынам недасведчанага ў трэнерскай працы, але выдатна знаёмаму з Воршай і камандай Чарніенку даручылі працаваць з камандай. Таксама «Вітэн» упершыню ў гісторыі падпісаў гульца з Бразіліі, вярнуў у дружыну расейца Пераміціна, расстаўся з грузінам Себіскверадзэ.
Адразу трох гульцоў «Вітэн» запрасіў з «Мінску», пры гэтым расстаўся з брамнікам Міраславам Эльяшэвічам, які быў істотнай часткай дружыны летась.
Незадаволенасць у аршанскім лагеры выклікае тое, што паядынак на Суперкубак Беларусі прызначаны ў Менску ў спартовай залі «Уручча». Адпаведна, удзельнікі сустрэчы знаходзяцца ў няроўных умовах — «Сталіца» фактычна гуляе на хатняй пляцоўцы пры падтрымцы сваіх заўзятараў. Алейнікаў задаецца пытаннем, чаму б не перанесці сустрэчу на сапраўды нейтральнае поле?!
З размовы вынікае — летась «Вітэн» узяў Кубак Беларусі і масяжовыя медалі, але гэтага для амбіцый каманды недастаткова. Таму ніякай іншай задачы, як здабыць золата нацыянальнага першынства, перад камандай стаяць не можа.
Важнай навіной для ўсяго аршанскага спорту з’яўляецца тое, што «Вітэн» цяпер мае сваю школу, афіцыйна зарэгістраваную ўстанову. Падрабязнасці ў размове расказвае Юрый Алейнікаў. У школе займаюцца 120 дзяцей і плануецца яе пашырыць. Аднак ёсць і вострая праблема — у юнацкім міні-футболе хлопцам амаль няма з кім змагацца. Спраўджваюцца сумныя прагнозы папярэдніх гадоў, што беларускі міні-футбол «старэе», майстры паступова завяршаюць кар’еру, а моладзь не настолькі актыўна прыходзіць ім на замену.