21-22 верасня ў Воршы на традыцыйнай трасе на Куцеенцы — адной з найбольш знакамітых у Беларусі — адбудзецца 6-ы этап чэмпіянату Беларусі ў аўта- мотакросе. Папярэднія паўдзясятка этапаў праходзілі па парадку ў Барысаве, Менску, Лепелі, Новалукомлі і Гародні.
Удзел возьмуць наймацнейшыя пілоты з Беларусі і суседняй Расеі. У тым ліку тыя, хто прапускаў папярэдні, гарадзенскі этап спаборніцтваў.
Аршанскія старты сёлета прысвечаныя памяці Канстанціна Раманоўскага — выбітнага дзеяча аўтаспорту ў Воршы, які некалькі месяцаў таму загінуў у аўтакатастрофе.
Агулам у чэмпіянаце 7 этапаў, так што аршанскі, перадапошні, будзе вызначаць вельмі шмат у фінальным раскладзе. Партал autorul.by правёў невялікі агляд фаварытаў у кожным класе спаборніцтваў.
Бліжэй да спаборніцтваў мы апублікуем дакладную праграму аўтагонак, а таксама будзем традыцыйна пільна сачыць за падзеямі на этапе.