Пра ільготы школьнікам і ліцэістам гаворыцца ў зменах у пастанову ўраду «Пра некаторыя пытанні праезду навучэнцаў», якія падпісаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Як гаворыцца ў дакуменце, «навучэнцы, якія атрымліваюць агульную сярэднюю і спецыяльную адукацыю, маюць права на дармовы праезд на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання, які ажыццяўляе гарадскія аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, гарадзкім электрычным транспарце і ў метрапалітэне ў населеных пунктах месца жыхарства (месца знаходжання) і месца вучобы з 1 верасня па 30 чэрвеня».
Раней навучэнцы маглі ездзіць задарма «ад месца жыхарства (месца знаходжання) да месца вучобы і назад». Цяпер прывязкі да школы ці ліцэю няма.
Права на такі праезд маюць навучэнцы сярэдніх і спецыяльных навучальных устаноў пры прад’яўленні «карты навучэнца (вучнёўскага білета), даведкі аб тым, што грамадзянін з’яўляецца навучэнцам, з указаннем населенага пункту месца жыхарства (месца знаходжання) і месца вучобы».
Як і раней, урад рэкамендаваў абласным саветам, Менскаму гарадзкому савету і раённым саветам прымаць дадатковыя захады па падтрымцы навучэнцаў пры праездзе чыгуначным транспартам агульнага карыстання ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класу і прыгарадных аўтобусах.