Гасцявы паядынак 31 туру ў Слоніме завяршыўся паразай «Воршы». Наша каманда сустракалася з клюбам, які займае перадапошні радок табліцы. Гэты паядынак быў на старце туру, многія паядынкі пройдуць у суботу і нядзелю. Ну, а пятнічны паядынак у Слоніме скончыўся для аршанцаў няўдала.
Ува многім такому выніку «паспрыяў» суддзя матчу Сяргей Лабацэвіч. Спачатку ён выдаліў брамніка аршанцаў Андрэя Ігнатовіча за гульню рукой па-за карнай зонай. Эпізод выклікаў спрэчкі, але пазьней суддзя прыняў яшчэ больш спрэчнае рашэнне — меней чым за 20 хвілін да заканчэння прызначыў 11-метровы ў браму аршанцаў у моманце, дзе, як здавалася, ніякага штуршка суперніка не было. Арцём Толкін адкрыў лік.
Ужо ў дададзены арбітрам час да другой паловы ў браму аршанцаў, якую цяпер бараніў ужо Раман Краўчанка, паставілі другі карны. Яго Толкін таксама рэалізаваў. Перамога «Слоніму» 2:0.
На поле на замену выходзіў трэнер-гулец аршанцаў Мікалай Кітаёў, які і ў 40 гадоў працягвае выступы. Гульню прапускалі Дзмітрый Тамэла і Аляксей Чарнадараў праз дыскваліфікацыі. Капітан клубу Павел Расолька вярнуўся ў агульную групу, але пакуль на поле не выходзіў. У наступнай сустрэчы, якую аршанцы правядуць супраць юнацкай (да 17 гадоў) зборнай Беларусі, аршанцы не здолеюць разлічваць на брамніка Ігнатовіча.