Аршанскі міні-футбольны клуб «Вітэн» удала прайшоў яшчэ адну стадыю нацыянальнага кубку. У госці на паркет спартовага комплексу «Алімпіец» прыехаў лідскі клуб «Буцік-Аўта».
Вялікіх праблемаў у паядынку з лідзянамі аршанцы не мелі. Але гэта да канца першай паловы. Бо да 15-й хвіліны «энергетыкі» няк не маглі ўзламаць абарону гасцей. Нарэшце гэта ўдалося Жыгалку — 1:0! Гэты гол нібыта раскрыў скрынку Пандоры. За апошнія тры хвіліны першай паловы РАзуванаў аформіў дубль, яшчэ адзін гол запісаў на свой рахунак Балдзін — 4:0!
У другой палове лідзянін Куйжа загнаў два галы ў браму аршанца Саўчанкі, але той жа Балдзін і двойчы Лазюк адказалі сваімі трапнымі стрэламі. На перадапошняй хвіліне суддзя выдаліў з пляцоўкі брамніка «Буціка-Аўта» за пазбаўленне суперніка яўнай магчымасці загнаць гол.
Перамога «Вітэну» 7:2, і каманда крочыць у чвэрцьфінал Кубку Беларусі.