4 лютага Таццяну Парфёненку судзілі паводле ч. 2 арт. 430 (Атрыманне хабару).Суд Дубровенскага раёна прызнаў жанчыну вінаватай у атрыманні 3 тыс. даляраў ЗША і 300 тыс.расійскіх рублёў ад адной камерцыйнай арганізацыі, а затым яшчэ 1 тыс. даляраў ЗША ад другой — за ўключэнне ў спіс контрагентаў і забеспячэнне паставак ільняной прадукцыі.
Стаў вядомы вырак, вынесены судом, — 4 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 3 гады, штраф 16,8 тыс.рублёў, забарона на працу на адміністрацыйных пасадах на 5 гадоў. Акрамя таго, у былога галоўнага бухгалтара канфіскаваная маёмасць, набытая на злачынныя сродкі. Як паведамляе Генеральная пракуратура, прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Як мы пісалі раней, у 2023 годзе Таццяна Парфёненка была ўдастоеная звання «Жанчына года Дубровеншчыны» ў намінацыі «Жанчына ў сістэме прамысловага комплексу і будаўніцтва». Яна неаднаразова была гераіняй артыкулаў у раённай газеце" Дняпроўская праўда«, дзе распавядала пра поспехі прадпрыемства, у бухгалтэрыі якога адпрацавала амаль 18 гадоў. Праўда, з 2024 года імя бухгалтара ў «раёнцы» больш не фігуруе. Верагодна, што супраць яе распачалося крымінальнае следства.