У суботу і нядзелю 14 і 15 сакавіка можна паглядзець некалькі выстаў, якія адкрыліся на мінулым тыдні і будуць працаваць толькі да канца гэтага месяца.
Так, у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. Грамыкі аматары жывапісу і скульптуры могуць убачыць работы мастакоў, прадстаўленыя на 16-й штогадовай міжнароднай выставе “Калегіум”
Аршанскі музей Ул.Караткевіча запрашае наведаць выставу дыпломных работ выпускнікоў мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава. Яна праходзіць у рамках святкавання 95-годдзя нашага знакамітага пісьменніка-земляка, які нарадзіўся ў Оршы 26 лістапада 1930 года.
У ваенна-гістарычным музеі імя Героя Савецкага Саюза К. Заслонава можна пазнаёміцца з выставачным праектам «Партызанскія фарміраванні», падрыхтаваным Віцебскім абласным музеем Героя Савецкага Саюза М. Ф. Шмырова».
Аршанскі этнаграфічны музей “Млын” праводзіць выставу работ майстроў Дубровенскага Дома рамёстваў “Рамяство і творчасць Дубровенскага краю". На ёй можна ўбачыць узоры творчых прац удзельнікаў клуба “Дуброва", якія дбайна захоўваюць народныя рамесныя традыцыі.
У Музеі гісторыі і культуры горада Оршы працягвае працаваць выстава "Чатыры галоўныя вынаходніцтвы Кітая" Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ (г. Мінск)
Акрамя гэтага, усе пералічаныя музеі і карцінная галерэя маюць пастаянныя экспазіцыі, якія варта наведаць, каб больш даведацца пра мінулае і сучаснасць нашага горада.