06:00

-1

3 м/с

978 гПа

09:00

-1

5 м/с

979 гПа

12:00

-1

5 м/с

981 гПа

15:00

-1

6 м/с

982 гПа

18:00

-2

5 м/с

984 гПа

Орша, Спорт

Віталь Данілкоў: хочам замацавацца ў 1-й лізе

08.01.2015 10:14

3918 праглядаў, 6 каментароў

Інтэрв'ю з капітанам ФК "Орша" Віталем Данілковым.

Фанаты "Оршы" ўзялі інтэрв'ю ў капітана каманды Віталя Данілкова. Прыводзім яго вашай увазе:

Гэты футбаліст не вылучаецца тэмпераментам, ён проста якасна выконвае сваю працу на полі. За сваю кар’еру ён пасьпеў згуляць на многіх пазіцыях як у абароне, так і ў атацы і стаў сапраўднай душой клуба. 4 студзеня 2015 года яму споўнілася 30 гадоў. Да юбілею гульца, які ўсю кар’еру выступае за наш клуб, мы сустрэліся ў цэнтры горада і паразмаўлялі пра матчы, традыцыі, футбалістаў і многае іньшае. Знаёмьцеся — капітан “Оршы” Віталь Данілкоў!

Віталь, як праходзіла тваё дзяцінства і чаму ты стаў менавіта футбалістам?

Дзяцінства, як і ва ўсіх хлапчукоў 90-х гадоў праходзіла пераважна на вуліцы. Ганялі мяч. Гадоў у 8-9 пайшоў на лёгкую атлетыку. Гады два я адзаймаўся ёй, а потым адбылася размова з бацькам. Мой тата гуляў у савецкія часы за бараньскі “Тэмп”, ён спытаў мяне, чаму я не хачу паспрабаваць сябе ў футболе. Я быў малы і паслухаўся (сьмяецца). Мой першы трэнер — Аляксандар Анатолевіч Лебедзеў. Ён сам са Смаленску, але гуляў за “Тэмп”, па заканчэньні кар’еры застаўся ў Барані, цяпер зноў паехаў у родны Смаленск. Затым трэнерам стаў Уладзімір Барысавіч Ларывонаў, а потым я стаў трэніравацца ў свайго бацькі. А потым паехаў займацца футболам у Оршу, маім трэнерам стаў Лучко Дзьмітрый Васілевіч. Трэніраваўся зь Юрам Піваровічам, Дзімам Камароўскім, які цяпер гуляе ў вышэйшай лізе. У тыя гады трэніраваўся і Коля Кітаёў, але ён старэйшы на год, таму займаўся ў іншай групе. Бліжэй да заканчэньня школы я стаў думаць, ці працягваць гуляць у футбол. Адвучыўся ў Дубровенскім ліцэі, дзе атрымаў прафесію вадзіцеля. Мне падабаецца тэхніка і я хацеў стаць дальнабойшчыкам. Але неўзабаве ў Барані Аляксандр Карапецян стварыў каманду, і я стаў гуляць за яе. Спачатку гулялі на першынство горада, потым выйгралі Кубак вобласьці, у складзе, дарэчы, было некалькі чалавек з Оршы. І я забыў, што хацеў кідаць футбол.

А далей?

Далей пачаў езьдзіць на прагляды. Спачатку я паехаў у жодзінскае “Тарпеда”, але на той момант меў мала вопыту, і мяне не ўзялі. Затым быў прагляд у шклоўскім “Спартаку”, спачатку застаўся ў камандзе, але потым адправілі дамоў. Езьдзіў я і ў “Белшыну”, і ў магілёўскае “Дняпро”, але без станоўчых вынікаў. Мог заставацца ў дублі магілёўцаў, але на той момант пачала адраджацца “Орша”. На пачатку 2000-х на некалькі гадоў наша каманда прыпыніла сваё існаваньне, а затым адрадзілася, і за яе гулялі віцебскія футбалісты. А ўжо ў 2007-м каманду сталі фармаваць менавіта зь мясцовых.

Як праходзілі прагляды ў камандах вышэйшай лігі?

Прыязджаеш — на цябе амаль ніхто не глядзіць. Зусім іньшае стаўленьне да тых, хто недзе пагуляў і мае добры досьвед. А на мяне ўвагі асаблівай не зьвярнулі, падумалі, раз гуляў толькі за Барань на вобласьці, то і глядзець асабліва не трэба. Вось я і вырашыў застацца дома і чакаць, што будзе з “Оршай”. Так з 2007-га года я бесперапынна абараняю колеры клуба.

Віталь, якая пазіцыя была для цябе першай на полі і як ты стаў універсалам?

Як з 11 гадоў я пачаў гуляць нападніка, так года да 2009-га выступаў на гэтай пазіцыі. Навыкаў гуляць на іньшых пазіцыях у мяне было мала, але паколькі каманда мае аматарскі статус і не заўсёды лаўка была доўгай, давялося паспрабаваць сябе ў розных амплуа. Спачатку не вельмі хацеў, а потым пачало атрымлівацца. Нямала матчаў згуляў у апорнай зоне, куды мяне паставіў Аляксандр Ладзяны, гуляю таксама і ў абароне. Лічу, што ў сучасным футболе неабходна ўмець гуляць на розных месцах. Калі гэта карысна камандзе, то чаму і не пагуляць там?! Хаця атакаваць мне падабаецца больш.

За сваёй статыстыкай сочыш?

Не асабліва. Напэўна, у чэмпіянатах краіны згуляў ужо больш за 200 паядынкаў. А забітыя мячы… Толькі адзін сезон я быў чыстым форвардам. У той сезон забіў больш за 10 галоў, забіў бы, мажліва, і больш, аднак у некаторых матчах дзейнічаў не на пазіцыі форварда.

Ты згадаў, як трэніраваўся разам зь Дзьмітрыем Камароўскім. Дагэтуль падтрымліваеце зносіны?

Не, я гадоў 10 яго нават не бачыў. Дзіма зарабіў сабе добрую рэпутацыю. Магчыма, калі б мы сустрэліся, то добра паразмаўлялі бы, знайшлі б агульныя тэмы.

Які твой самы ўдалы матч за “Оршу” на дадзены момант?

Эх, за 8 сезонаў у клубе складана сказаць пра канкрэтны матч, іх было некалькі. Напэўна, было гэта ў 2008-м, калі гулялі на стадыёне ў Балбасава зь “Нёманам” з Мастоў. Недзе да сярэдзіны другога тайму мы прапусьцілі ажно тры мячы ад гасьцей, саступалі 0:3, але сабраліся і перамаглі 4:3, а я забіў два мячы! Я добра памятаю тую гульню. Добра запамінаюцца матчы, у якіх было цяжка, але якія прынесьлі станоўчы вынік. Напрыклад, матч увосень 2014-га з “Баранавічамі”, было вельмі цяжка ўсе 90 хвілін, мы біліся як маглі. Нават у гасьцях з “Баранавічамі” было лягчэй, бо нам дапамог гол на першых хвілінах.

А назавеш самы запамінальны гол за клуб?

У 2008-м мы гулялі з гомельськім ДБК (ДСК). Навесілі з вуглавога, а я добрым ударам галавой зраўняў лік. Забіў моцнаму суперніку, шкада толькі, што з-за памылкі брамніка мы прайгралі той матч 2:3.

Абодва матчы фінальнага этапу чэмпіянату-2014 з “Баранавічамі” пацьвердзілі, што чырвона-сінія — наш прынцыповы супернік. Згодны?

Так. Мы гуляем зь імі ўжо тры сезоны запар, і кожны матч пра гэта сьведчыць. Гульні з “Баранавічамі“ больш прынцыповыя, чым матчы са “Жлобінам“, ніводная гульня не завяршаецца проста футболам, заўсёды ёсьць нейкія скандалы, сваркі. На дадзены момант “Баранавічы“ сапраўды можна назваць самым прынцыповым апанентам з тых, зь кім мы рэгулярна гуляем.

Як ты ацэніш якасьць траўніка на Гарадзкім стадыёне?

Акрамя Маладзечна, нідзе ў 2-й лізе няма лепшага за наш. У Маладзечне ўсё заканамерна — там гуляла моладзевая зборная Беларусі, юніёрскія, жаночая, і там траву адмыслова рыхтавалі пад міжнародныя матчы. У Оршы асаблівых прэтэнзій няма, можна было б больш сур’ёзна сачыць за пакрыцьцём у 1-й лізе. А па ўзроўні 2-й лігі аршанскі траўнік вельмі добры.

Які стадыён ты ўзгадваеш з жахам?

Не хачу нікога крыўдзіць, бо гэта не іх віна, што яны маюць такія арэны. Вядома, на многіх стадыёнах трэба наводзіць парадак, але галоўнае, каб на трыбуны хадзілі гледачы. Няхай там не будзе нейкіх “наваротаў“, затое ходзяць людзі. Я сам быў на двух матчах вышэйшай лігі, на якіх не было гледачоў, футбол выглядаў кепска. Гэта самае важнае.

Якая атмасфера на трыбунах у Оршы?

Фанацкі сектар — асобная размова, а пра звычайныя скажу, што вельмі прыемна, калі на твае матчы ходзяць звычайныя гараджане. У сезоне-2014 стала прыходзіць усё больш і больш гледачоў, бо каманда паказвала вынік. Пакуль у нас няма такой заўзятарскай культуры, як у Англіі ці Нямеччыне, дзе людзі прыходзяць на стадыён менавіта падтрымліваць свой клуб, у незалежнасьці ад выніку. Таму ў Беларусі наведвальнасьць наўпрост залежыць ад месца каманды ў табліцы. Ну а фанацкі сектар — адзін зь лепшых у 2-й лізе. Таксама адзначу менскія “Партызан“ і “Тарпеда“, але там сектары больш масавыя, у тым ліку і за кошт таго, што яны з буйнога горада і клубы гулялі ў вышэйшай лізе. Мне вельмі прыемна, калі на гасьцявы матч прыязджаюць аршанскія фанаты. Няхай іх на выправе часам толькі 2-3, але ўжо хочацца іх узрадаваць вынікам, перамагчы.

Нам прыемна! Шмат кажуць пра тое, што нашаму клубу месца як мінімум у 1-й лізе, куды “Орша“ якраз выйшла…

Не хачу нікога пакрыўдзіць, але выглядае дзіўна, калі клубы зь невялічкіх населеных пунктаў кшталту “Гарадзеі“ не проста выступаюць там, але і вядуць барацьбу за выхад у эліту. А “Орша“ тым часам 10 гадоў правяла ў 2-й лізе. Наш горад спакойна можа быць прадстаўлены і ў вышэйшай лізе, а як мінімум — у 1-й.

Віталь, цябе часта пазнаюць на вуліцах Оршы і Барані?

Вялікай папулярнасьці не адчуваю. Сам па сабе я такі чалавек, што мне не вельмі патрэбная залішняя ўвага, я ў пэўным сэнсе сьціплы. Безумоўна, прыемна, калі просяць аўтограф ці хочуць сфатаграфавацца. Часам незнаёмыя людзі вітаюцца са мной, гэта прыемна. Цяпер сталі пазнаваць яшчэ часьцей, бо да клуба прыйшоў вынік. Калі вынік быў кепскі, то не пазнавалі (сьмяецца).

Які сезон з праведзеных ты можаш назваць самым пасьпяховым?

Натуральна ж, 2014-га года, які ж яшчэ?! Выканалі задачу, якую ставіў, можна сказаць, увесь горад, усе тыя, хто заўзее за футбол, — прабіцца ў 1-ю лігу.

Было прадчуваньне, што каманда пойдзе на павышэньне?

Так. З 2013-га года захаваўся касьцяк, засталіся некалькі прыезджых гульцоў, плюс прыехалі яшчэ некалькі хлопцаў. Спарынгі перад сезонам паказалі, што мы можам гуляць і зь “Дняпром“, і зь “Віцебскам“, хоць па іх і нельга рабіць сур’ёзных высноваў. Гуляем першы тур супраць “Ждановічаў“ — і нічыя. Пасьля гульні сабраліся ўсёй камандай, сур’ёзна паразмаўлялі, зразумелі, што так нельга, ды й гледачоў шмат прыйшло, а мы іх падвялі. Мы сабраліся і сталі выдаваць добрыя матчы, а галоўнае — перамагаць. 25 матчаў без паразаў — было б несправядліва, калі б мы не выйшлі ў 1-ю лігу!

Мінулы сезон у 2-й лізе быў праведзены з падзелам на зоны. Як ты ставішся да такіх рэформаў?

Негатыўна стаўлюся да такіх перабудоваў. У зонах можа апынуцца розная колькасьць моцных і слабых камандаў. Гэты сезон паказаў, што з нашай зоны за выхад у 1-ю лігу рэальна змагалася толькі “Орша“. На маю думку, лепей гуляць у два колы з 16 камандамі.

Арганізатары рэформы казалі аб тым, што клубы стануць меньш траціць на пераезды.

Не ведаю, як па фінансах, але па маіх уласных адчуваньнях падзел на зоны не прынёс эфекту. Тым больш што мы ўсё адно паехалі ў Кобрын і Баранавічы. А калі б у фінальны этап прайшоў “Нёман“ з Мастоў? Ды і самі зоны не асабліва скарацілі кіламетры, шмат каманд было зь Менскай вобласьці, “Вертыкаль“ з Калінкавічаў не паехала ў Верхнядзьвінск праз усю Беларусь, ды й нам, хоць мы і з адной вобласьці, ехаць у Верхнядзьвінск цяжэй, чым у той жа Жлобін. Іньшая размова была б тады, калі б зон было больш. Але для гэтага патрэбны грошы.

“Орша“ правяла цудоўную бяспройгрышную серыю, але потым раптам саступіла “Крумкачам“. Не было думкі, што можам не выканаць задачу?

Усё бывае ўпершыню. Да матчу з “Крумкачамі“ мы сур’ёзна рыхтаваліся, ведалі, што гэта вельмі моцны супернік. Не скажу, што яны нас цалкам перагулялі, проста пераўзышлі нас фізічна. Ды й гол мы прапусьцілі пасьля сваёй памылкі. Шкада, што не пабілі рэкорд лігі па працягласьці бяспройгрышнай серыі.

Што здарылася ў матчы Кубка Беларусі з “Горкамі“, чаму прайгралі?

Адразу скажу, што неданастрою на такога суперніка нават не магло быць. Мы бачылі, што ў “Горак“ добры падбор футбалістаў, многія з каторых пагулялі за моцныя клубы. Нас падвяла рэалізацыя, мы змарнавалі шмат момантаў, а супернік выкарыстаў свае магчымасьці і забіў. Мы самі вінаваты, што выляцелі з Кубка. Хаця, магчыма, вылет паспрыяў таму, што мы сур’ёзна ставіліся да наступных супернікаў і не дазвалялі сабе адпачываць ужо ў чэмпіянаце.

Як каманда звычайна рыхтуецца да матчаў?

Разьбіраем відэа, галоўны трэнер рыхтуе для нас інфармацыю па наступным суперніку. Маю надзею, што ў 1-й лізе ўсё выйдзе на яшчэ больш прафесійны ўзровень. Тых жа відэаматэрыялаў у 1-й лізе будзе больш.

Што скажаш пра ўзровень 1-й лігі?

Узровень першай сямёркі клубаў 1-й лігі высокі. Магілёўскае “Дняпро“ можа быць як мацней, так і слабей за сябе ўзору 2014 года ў вышэйшай лізе, гэта ведае толькі кіраўніцтва клуба. “Гомельчыгункатранс“ паказаў неблагі вынік пасьля выхаду з 2-й лігі, “Зорка-БДУ“ замацавалася ў дывізіёне. Калі ў нас будзе якаснае ўзмацненьне гэтай зімой, то можам прэтэндаваць на 8-9 месца. Трэба замацоўвацца ў 1-й лізе. Там шмат будзе залежыць не толькі ад фізпадрыхтоўкі і майстэрства, але і ад настрою на кожны канкрэтны матч.

Калі каманда зьбіраецца пачаць мэтанакіраваную падрыхтоўку да новага сезону?

Недзе ў першых чыслах лютага. Але мы яшчэ не зьбіраліся, таму дакладная дата не вызначалася.

Можна сказаць, што ў “Оршы“ склаўся добры і дружны калектыў?

Мы даказалі ў гульнях, што калектыў у нас быў. Мы здольныя згуртавацца вакол агульнай задачы і дамагчыся выніку.

Хто твой галоўны сябар у камандзе?

Не магу назваць кагосьці аднаго. Больш за ўсё падтрымліваю стасункі зь мясцовымі хлапцамі — Сяргеем Чавідаевым, Дзімам Суздальцавым, Лёшам Казарыным. Але і да партнёраў зь іньшых гарадоў не маю ніякіх прэтэнзій, падтрымліваем стасункі.

Як увайшлі ў каманду зусім юныя хлопцы Кірыл Асіпенка і Андрэй Раманаў?

Яны добра ўліліся ў калектыў. Гэтым хлопцам павінны паказаць, што ў іх ёсьць перспектыва менавіта з “Оршай“. Нельга расставацца са сваімі талентамі, пастаянна адпускаць іх у іньшыя клубы. Я перакананы, што як мінімум на 50% “Орша“ павінна складацца са сваіх выхаванцаў. Так ці інакш, у горадзе растуць маладыя таленты, было б добра вярнуць у каманду Ўлада Знака, можа Глеб Жалезьнікаў вернецца. Гэта цікавей і для фанатаў, якія ўбачаць на полі многа мясцовых гульцоў. У нас у краіне як бывае: прыедзе хто-небудзь, набудзе шэраг футбалістаў з розных гарадоў, а потым усё распадаецца. Нам жа трэба зрабіць так, каб за “Оршу“ пераважна гулялі свае хлопцы, яны будуць біцца за горад і іх тут усе ведаюць. Мне падабаецца, што Андрэй Раманаў мае агромністы інтарэс да футболу, Кірыл Асіпенка неўзабаве скончыць школу, і трэба зрабіць так, каб ён паступаў на завочнае аддзяленьне, быў у нашым горадзе, гуляў за наш клуб. Адным словам, гэтых хлапцоў неабходна зацікавіць і абавязкова пакінуць у камандзе. Калі яны будуць правільна ставіцца да футбола, то вырастуць у сапраўдных майстроў. Ды й гуляць у 1-й лізе, напэўна, лепш, чым у дублі пад вышэйшай лігай.

Віталь, чым ты зарабляеш на жыцьцё, кім працуеш?

Яшчэ пры Ўладзіміры Міхайлавічы Правалінскім мы былі ўладкаваныя на розныя спартовыя аб’екты. Я ўжо чатыры гады працую на стадыёне ў Барані.

О! На гэтым стадыёне праводзіліся матчы вышэйшай лігі, ты ж добра памятаеш гэты час.

Так! Атмасфера была такой, што нават стаць на трыбуне, не тое што сесьці, было складана. Асабліва запомніўся матч віцебскага “Лакаматыва-96“ зь менскім “Дынама“, тады на стадыёне стаяў такі шум! Я ведаў многія хады і пралазіў, каб паглядзець матч.

Хацелася б спытаць у цябе пра асабістае жыцьцё…

Пакуль спадарожніцы жыцьця ў мяне няма. Ёсьць знаёмыя дзяўчыны, але пакуль не наступіў этап, калі можна задумацца пра нешта бОльшае.

Колькі дзяцей ты бы хацеў мець?

Як мінімум дваіх. Можна хлопчыка і дзяўчынку. Мяркую, дзіця не павінна расьці ў самоце, трэба мець браціка альбо сястрычку, навучышся і дзяліцца, і дапамагаць. У мяне ёсьць старэйшы брат, у яго ўжо ёсьць сын. Праўда, ён чамусьці не хоча займацца футболам.

Твае сваякі прыходзяць на матчы “Оршы“?

Так. Тата наведвае матчы, а мама насыцілася футболам яшчэ з бацькам, а тут яшчэ і сын гуляе! Яна хадзіла на матчы, калі “Орша“ праводзіла гульні ў Барані, а ў Оршу ўжо ня езьдзіць. Родны брат прыходзіць, стрыечны брат таксама.

Крытыкуюць?

І хваляць, і крытыкуюць. Бацька збольшага крытыкуе, ён жа сам футбалістам быў. Гуляў у чэмпіянаце БССР, таму мае поўнае права і падказваць, і крытыкаваць, і раіць нешта. А ўвогуле, калі мой тата яшчэ гуляў, умовы былі зусім іньшыя. “Тэмп“ з такога невялічкага горада як Барань езьдзіў на добрыя зборы, каманда забясьпечвалася неабходным рыштункам. Хакейныя каманды ў той час таксама мелі амуніцыю, выдавалася яна бясплатна. Цяпер жа куды не зьвярніся — усюды трэба плаціць свае грошы. Так што ў тыя часы было шмат станоўчага, не толькі кепскае.

Чым цяпер жыве Барань?

Асаблівых забавак у горадзе няма, мала куды можна схадзіць. На стадыёне я стараюся як мага раней заліць каток, каб дзеці маглі катацца на каньках. У Барані даўно трэба збудаваць спорткомплекс з трэнажорнай залай, басейнам. Горад не такі маленькі, але жыхары змушаныя езьдзіць у басейны на Легмаш ці Александрыю.

А сам ты любіш катацца на каньках?

Так, вельмі! Можа быць, стаў бы і сам хакеістам. Гляджу матчы НХЛ, КХЛ, беларускай Экстралігі. Езджу, калі ёсьць час, на самі арэны. І футбол люблю глядзець менавіта “жыўцом“. Ня згодны, калі ў нас кажуць, што няма якаснага футбола, хакея. Прыязджайце на матчы, глядзіце на іх. У той жа 1-й лізе ёсьць цікавыя матчы, у вышэйшай. Менавіта на стадыёне адчуваеш найлепшыя эмоцыі, а не перад тэлевізарам.

Калі фанаты сталі рэгулярна наведваць матчы “Оршы“, якія эмоцыі былі?

Было пэўнае зьдзіўленьне, нават ветэраны тады казалі, што такога яшчэ не было. Каманда павінна мець актыўных прыхільнікаў, здаровы фанатызм — гэта нармальная зьява. Часта фанатаў вінавацяць у тым, што яны б’юцца, што яны агрэсіўныя, але будзем казаць шчыра: большасьць фанатаў прыходзіць менавіта дзеля падтрымкі “Оршы“. Дапускаю, можа камусьці няма чаго рабіць дома, і ён ідзе на стадыён з агрэсіяй, але такіх фанатаў яўная меньшасьць, не трэба вешаць ярлык на ўсіх. Напэўна, мне цяпер было б нязвыкла гуляць без фанатаў, яны дакладна патрэбныя камандзе.

Можаш назваць свой любімы зарад з трыбун?

Не заўсёды можаш засяродзіцца на тым, што менавіта фанаты сьпяваюць з сектару. А любімых зарадаў шмат. Магу назваць “ФКО — рабочий класс“.

За сваю кар’еру ты аб’езьдзіў шмат гарадоў, якія пакінулі найлепшыя ўражаньні?

Гомель вельмі добры горад. Тым больш што мой тата амаль адтуль, я часта езджу да сваякоў туды. З маленькіх запомніўся Кобрын, сімпатычны горад.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Віталь Данілкоў: хочам замацавацца ў 1-й лізе

Інтэрв'ю з капітанам ФК "Орша" Віталем Данілковым.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение