Аршанцы 19-га красавіка на Гарадскім стадыёне прымалі "Смалявічы-СТІ". На гульні прысутнічала каля 2000 чалавек. Перад матчам была невялічкая цырымонія адкрыцця футбольнага сезону, на якой выступіў з прамовай Алег Смірноўскі.
Наша каманда пачала не самым лепшым чынам, але затым аршанскія гульцы часцей валодалі мячом ды ініцыятывай. Аднак адкрылі лік смалявічцы. На 31-й хвіліне пасля розыгрышу вуглавога Юрый Раманюк забіў гол, і аршанцы апынуліся ў ролі даганяючага. У адным з эпізодаў наша каманда магла зраўняць лік яшчэ да перапынку, аднак мяч трапіў у штангу.
У другой палове гульня насіла характар сустрэчных атак, якія далёк не заўсёды ўтойвалі ў сабе небяспеку. На 69-й хвіліне на полі замест ветэрана каманды Мікалая Кітаёва з'явіўся легіянер з Гвінеі Соу Нуу, якога яшчэ называюць "Буба". Гэта першы цёмнаскуры гулец у гісторыі "Оршы" і наогул адзіны ў камандзе футбаліст не з Беларусі. Афрыканцу хапіла шасці хвілін, каб забіць свой першы гол за "Оршу". І зноўку мяч быў праведзены пасля розыгрышу стандартнага становішча. Надалей асабліва вострых момантаў ужо не было. Нічыя 1:1, менавіта так "Орша" пачала і мінулы сезон, тады "сіня-белыя" згулялі 1:1 са "Ждановічамі".