Галоўны трэнер "Смаргоні" Мікалай Рындзюк заўважыў:
Гульня аказалася не складаная. Перад гульнёй прасіў хлопцаў больш сур'ёзна паставіцца да суперніка. Ведалі, што "Орша" едзе ў дзень гульні, і гэта павінна адбіцца на гульні суперніка. Разумелі, што мы мацнейшыя. Зрабілі тое, што павінны былі зрабіць. Ніякай эйфарыі, рыхтуемся да наступнай гульні.
- Замены ў другім тайме праводзіліся з разліку, што вынік зроблены і трэба даць магчымасць паўдзельнічаць у гульні усім?
- Прасіў футбалістаў пастарацца дамагчыся выніку ў першым тайме, каб у другім тайме даць гульнявую практыку і іншым гульцам. Маладому Уладу Яцкевічу, Сашу Дзегцераву, якому трэба набіраць форму, а лепш, вядома, гэта рабіць праз гульні. Так што гэтыя замены былі спланаваныя.
- Наступны "Хімік", з якім настроем каманда паедзе ў Светлагорск?
- Так бы мовіць, каманда адчула "пах крыві", хацелася б, каб і ў наступным туры усё атрымалася. Мы будзем гуляць толькі на перамогу.
Аляксандр Ладзяны так зрэагаваў на разгромнае паражэнне аршанцаў:
- Што можна сказаць? Не атрымалася выканаць тое, што задумвалі. З самага пачатку гульня не склалася. Хоць да першага прапушчанага голу яшчэ стараліся нешта зрабіць. У прынцыпе, з-за ўласных памылак прапусцілі і першы, і другі гол. Далей ужо было складана гуляць.
- Як лічыце, паражэнне - вынік таго, што каманда прыехала ў дзень гульні ці ўсё ж такі першы прапушчаны гол надламаў каманду?
- У футболе дробязяў не бывае, усё пакрыху ўплывае. І дарога ў дзень гульні, і памылкі, якія дапускала сёння каманда. Ну нельга дапускаць такія памылкі. То памыляецца абаронца, то памыляецца брамнік - у выніку мы прапускаем, пасля гэтага цяжка вяртацца ў гульню. Пакуль лік станоўчы - каманда яшчэ б'ецца, калі прапускаем - становіцца складана.