Міжнародны шахматны фестываль у латышскім Даўгаўпілсе стартаваў 26 траўня і працягваўся да 30 траўня. На турніры даваў сеанс адначасовай гульні гросмайстар з Рыгі Аляксей Шыраў, які даўно выступае за Іспанію. Сеанс на 27 дошках скончыўся 23 перамогамі Шырава, 1 паразай і 3 нічыйнымі вынікамі.
Пераможцам галоўнага турніра "А" стаў беларус Вячаслаў Зарубіцкі. Майстар ФІДЭ (міжнароднай федэрацыі) з Оршы апярэдзіў Цімафея Сцяпанава з Латвіі і Дзмітрыя Кананенку з Украіны.
У турніры сярод шахматыстаў не старэйшых за 8 гадоў перамогу атрымаў аршанец Міхаіл Навуменка. Срэбра і бронзу таксама заваявалі беларусы - Арцём Стрыбук з Гомеля і Міхаіл Нідбальскі з Менска.
Таксама ў рамках шахматнага фестывалю адбыўся і бліцтурнір, Вячаслаў Зарубіцкі набраў у ім 6,5 пунктаў, на адзін бал адстаў ад пераможцы Дзяніса Дунавецкага з Латвіі, але стаў лепшым па выніку сярод моладзі.