"Брыльянтавая ліга" - камерцыйны турнір, куды запрашаюць толькі элітных спартоўцаў, здольных дэманстраваць топ-вынікі. У іх чысло даўно трапіла і беларуска Аліна Талай. Аршанка брала ўдзел у этапах гэтага турніру і раней, атрымала запрашэнне і цяпер, на этап у італьянскім Рыме.
І там, у забегу на 100 метраў з бар'ерамі Аліна паўтарыла свой персанальны рэкорд - 12,70 секунды. Перамагла Шэрыка Нэлвіс з ЗША - 12,52. Сышлі з дыстанцыі алімпійская чэмпіёнка Салі Пірсан з Аўстраліі і чэмпіёнка свету Браяна Ролінз (ЗША).
4-е месца ў кампаніі з вядучымі бягухамі свету - цудоўны паказчык, улічваючы, што Аліна яшчэ не выйшла на пік формы.