Перед матчам ніхто не разлічваў на поспех "Оршы", наша каманда даволі безнадзейна ішла на перадапошнім месцы. Нічыю ў Гомелі ў папярэднім туры проста палічылі выпадковай, аднак у суботу "сіня-белыя" яскрава паказалі, што сапраўды выходзяць на ўзлёт, а паласа крызісу скончаная. "Зорка-БДУ" прыязджала ў наш горад яўным фаварытам сустрэчы, адным з лідараў 1-й лігі.
Але гульня падаравала сюрпрыз. Напачатку армейцы сапраўды валодалі ініцыятывай і больш атакавалі. "Орша" спрабавала адказваць, намаганні нашай каманды больш не здаваліся такімі пасіўнымі, як у нядаўняй сустрэчы з "Крумкачамі" пры родных трыбунах. На 52-й хвіліне адбылася замена, якая прадвызначыла далейшыя падзеі. Рамана Малафеева замяніў Аляксандр Пракапенка. Ужо праз хвіліну форвард адкрыў лік - 1:0!
Пасля прапушчанага голу менчукі паспрабавалі штурмаваць браму Навічкова, аднак з гэтага мала што атрымлівалася. А пад канец матчу аршанцы бліскуча згулялі на контратаках. Уладзіслаў Знак на 79-й і 81-й двойчы паказальна караў гасцей у імклівым наступленні. У канцы сустрэчы госці маглі крыху падсаладзіць сабе зыход паядынку, але Антон Навічкоў бліскуча справіўся з ударам са штрафнога. 3:0!