Працягваецца чэмпіянат Беларусі па футболе ў 1-й лізе. У 10-м туры на Гарадскім стадыёне Оршы адбыўся прынцыповы матч, у якім "Орша" прымала супернікаў з магілёўскага "Дняпра". Гульня мела статус матчу павышанай складанасці, з улікам таго, што фанаты абодвух клубаў - даўнія ворагі, у футбольным плане варта адзначыць, што не кожны дзень у Оршу завітваюць каманды настолькі высокага ўзроўню. Дадамо, што яшчэ чатыры сезоны таму "Дняпро" выступаў у Лізе Еўропы, дзе змагаўся з іспанскім "Вільярэалам".
На стадыён да матчу прыехаў АМАП, які ахоўваў парадак на арэне. Увесь матч панавала напружанасць на трыбунах. Дняпроўцы пачалі атакі з самага пачатку сустрэчы, ужо на 6-й хвіліне мяч прыняла на сябе папярэчына, а на 9-й толькі майстэрства брамніка "ільняных" Навічкова ўратавала каманду. У далейшым моманты рознай ступені напругі ствараліся ля брамы гаспадароў рэгулярна, але забіць магілёўцам усё не ўдавалася. Першы раз стварыць небяспеку ў чужой штрафной аршанцы змаглі толькі на 41-й хвіліне, неўзабаве пасля гэтага "сіня-белыя" змарнавалі яшчэ адзін шанец. І затым прыйшла расплата - Сазанкоў на 42-й хвіліне адкрыў лік, вывеўшы "Дняпро" наперад. Ужо на 1-й дададзенай да першага тайму хвіліне Куган прыгожым і майстэрскім ударам са штрафнога падвоіў лік.
У другім тайме "Орша" загуляла значна актыўней, пайшлі больш масаваныя атакі на браму "Дняпра". На 55-й хвіліне лік мог змяніцца, аднак за "Оршу" зноў згуляла папярэчына. Праз некалькі хвілін "Орша" мела магчымасць скараціць адставанне, аднак абарона гасцей ліквідавала пагрозы. На 70-й хвіліне брамнік "Дняпра" нейтралізаваў выхад сам-насам з ім нападніка "Оршы" і атрымаў траўму ў сутыкненні. На шчасце, яму ўдалося працягнуць гульню. У канцы сустрэчы абедзьве каманды мелі магчымасці забіць, асабліва небяспечна атакаваў "Дняпро", аднак безвынікова. Канчатковы лік - параза "Оршы" 0:2.
Склад "Оршы": Антон Навічкоў, Ілля Шарыпа, Віталь Данілкоў, Дзмітрый Саколка, Мікалай Кітаёў (Аляксандр Пракапенка, 63), Уладзіслаў Знак (Павел Дудараў, 82), Раман Малафееў (Кірыл Асіпенка, 60), Дзмітрый Суздальцаў, Іван Данілковіч (Антон Ю.Смірноў, 76), Яўген Кісялёў, Дзмітрый Усачоў.