Гульня праходзіла ў будні дзень, але тым не менш сабрала 1500 чалавек. І гэта нават пасля разгрому ад жодзінскага "Тарпеда-БелАЗ" 0:5 у мінулую нядзелю.
Аднак "Орша" парадаваць зноў не здолела. Хіба што гульнёй - такой безнадзейнасці, як у мінулым матчы, ужо не было. Аршанцы правялі за сустрэчу некалькі вострых атак, шкада, што зноў не забілі. "Іслач" адкрыла лік на 7-й хвіліне з дастаткова спрэчнага пенальці. А далей лідэр на класе прадэманстраваў сваю сілу. На 33-й "Іслач" падвоіла лік, а ў другім тайме правяла яшчэ два галы. Прычым у выпадку з трэцім голам бліскуча згуляў брамнік аршанцаў Навічкоў, які выцягнуў адзін удар, а вось на дабіванні, як заўсёды ў апошніх матчах, нашыя абаронцы падстрахаваць не паспелі. Чацверты гол гасцей быў шэдэўрам - Аляксандр Алумона, які паспеў пагуляць за барысаўскі БАТЭ і гарадзенскі "Нёман", прабіў ударам праз сябе - 0:4.
Такім чынам, "Орша" не забівае ўжо 5 матчаў запар, апошні раз "ільняныя" вызначыліся больш за месяц таму - 13 чэрвеня ў гасцях у Баранавічах, у матчы, які прайгралі 1:5. Апошняя ж перамога, калі не лічыць тэхнічную вікторыю над "Кобрынам", які не з'явіўся на матч у наш горад, датаваная 6 чэрвеня, калі "Орша" перамагла 3:0 менскую "Зорку-БДУ".